Абараніўшы дысертацыі па Чарнобылі, беларусы з’язджаюць за мяжу
Хтосьці працуе ў Еўропе ў МАГАТЭ; хтосьці — у Маскве ў анкалагічным цэнтры…
Еўрарадыё даведалася, якія дысертацыі пішуць у Беларусі на чарнобыльскую тэматыку. Самае цікавае — пасля абароны амаль усе аўтары з’ехалі за мяжу!
На сайце ВАКа — спіс абароненых дысертацый.
У 2001-м годзе кандыдацкую абараніла Алена Сасноўская. Тэма: “Захворванне на злаякасныя новаўтварэнні насельніцтва Магілёўскай вобласці пасля катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі”.
Спрабую датэлефанавацца да Алены. На сайце “Гомельскай абласной клінічнай бальніцы” ў раздзеле "Кантакты” ёсць яе прозвішча. Але там кажуць, што Алена больш не працуе:
“Яна ў Маскве, там нейкі Інстытут анкалогіі, здаецца”.
Праз год пасля Алены Сасноўскай доктарскую па чарнобыльскай тэматыцы абараніла Буглова Алена. Тэма: "Радыяцыйна-індукаваныя анкалагічныя захворванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь, якія абумоўленыя апрамяненнем у выніку Чарнобыльскай катастрофы".
Спрабую знайсці Алену Буглову. І тут — няўдача…
“Яна ўвогуле з’ехала кудысьці ў Еўропу, дзесьці там — ці ў МАГАТЭ, ці яшчэ дзе”, — кажуць у “Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі”.
На запыт “Алена Буглова” Google выдае “начальнік Цэнтра МАГАТЭ па інцыдэнтах і аварыйных сітуацыях”.
Еўрарадыё заўважае, што шмат дысертацый на чарнобыльскую тэматыку абараняліся пад кіраўніцтвам Якава Кёнігсберга, прадстаўніка ўрада Беларусі ў Навуковым камітэце ААН па ўздзеянні атамнай радыяцыі.
“З апошніх навуковых працаў па Чарнобылі — гэта доктарская дысертацыя”, — кажа Якаў Кёнігсберг.
Абараніў яе дырэктар "Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі" Аляксандр Ражко. Але абараняў… у Санкт-Пецярбургу, а не ў нас!
Якаў Кёнігсберг: “У яго была праца па захворванні шчытападобнай залозы. Гэта была самая апошняя праца, якая была абаронена ў мінулым годзе. Сёлета абаронаў на падобную тэму не было. Яшчэ раней была абаронена кандыдацкая дысертацыя, але яна ВАКам яшчэ не разгледжаная, таму казаць рана”.
Паводле слоў спадара Кёнігсберга, большасць працаў была абароненая ў галіне сельскагаспадарчай радыялогіі, наступнымі былі даследаванні пра ўплыў радыяцыі на здароўе.
Яшчэ на чарнобыльскую тэму абараняўся Максім Кудзін. Тэма дысертацыі — “Асаблівасці лесастваральных працэсаў у беларускім сектары эвакуацыі (адчужэння) Чарнобыльскай АЭС”.
Цяпер Максім працуе ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Апошняя спроба звязацца хоць з кімсьці, хто абараніўся на чарнобыльскую тэматыку. Тэлефаную, але… абанент недасяжны.
“Таму што ён цяпер у Масанах на змене. Яны ж працуюць па два тыдні, таму там можа не быць сувязі”, — кажуць у запаведніку. Масаны — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Пасля аварыі жыхары вёскі былі пераселеныя ў чыстыя месцы.