АБСЕ хоча забраць у Лукашэнкі права прызначаць Ярмошыну
Ці пагаджацца з гэтай рэкамендацыяй, будуць вырашаць на адмысловай нарадзе ў кіраўніка краіны.
Пасля выбараў 2012 года АБСЕ распрацавала для нас новыя “рэкамендацыі”. Тут і патрабаванне празрыстага падліку галасоў — каб кожны бюлетэнь паказвалі назіральнікам і прадстаўнікам кандыдатаў. А таксама… патрабаванне пазбавіць кіраўніка краіны права прызначаць старшыню ЦВК. Сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік абмяркоўваць гэтыя рэкамендацыі адмаўляецца.
Мікалай Лазавік: “Гэта пытанне будзе разглядацца на самым высокім узроўні — на нарадзе ў прэзідэнта. І, напэўна, кіраўніцтва дзяржавы вызначыць: што з таго, што прапанавана АБСЕ, будзе прынята, што будзе рэалізавана”.
Як даведалася Еўрарадыё, прэзідэнцкая нарада адбудзецца ў бліжэйшыя дні. Аднак ужо сёння Мікалай Лазавік гаворыць, што ЦВК у любым выпадку не адмаўляецца ад дыялогу.
Мікалай Лазавік: “Але ж мы не адмаўляем магчымасці далейшага абмеркавання гэтых прапаноў і канструктыўнага дыялогу”.
Вось толькі з кім будзе весціся гэта абмеркаванне і дыялог, сакратар ЦВК не ўдакладняе. Між тым, у першай “прыярытэтнай рэкамендацыі” АБСЕ прапісана: “Неабходная выбарчая рэформа задоўга да правядзення наступных выбараў. Гэты працэс павінен быць празрыстым і ўключаць усе сегменты грамадства”.
Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак звяртае ўвагу на жаданне АБСЕ забраць у Лукашэнкі права прызначаць кіраўніцтва ЦВК.
Алег Гулак: “Цэнтральная камісія мусіць незалежна абіраць тых, хто перамог, а не кіраўніка сваёй каманды — старшыня ж ЦВК увесь час падкрэслівае, што яна частка прэзідэнцкай каманды”.
“Пытанне Ярмошынай” — у “тройцы прыярытэтаў” АГП. Разам з празрыстым падлікам галасоў і адменай датэрміновага галасавання. На думку лідара партыі Анатоля Лябедзькі, пра прапановы АБСЕ на нарадзе ў Лукашэнкі гаварыць не будуць.
Анатоль Лябедзька: “На нарадзе будуць рэфлексіі на апошнюю выбарчую кампанію — што рабіць з прыхільнікамі байкоту і як яшчэ зменшыць тыя фінансы, якія выдаткоўваліся на кандыдатаў”.
Старшыня БАЖ Жанна Літвіна выступае за пакрокавыя змены: “І мы ўнеслі свае прапановы па змене закона “Аб СМІ”. Без гэтага нейкія змены ў выбарчым заканадаўстве прынясуць мала карысці”.
Фота: Змітра Лукашука