Аляксандр Памідораў: Прэстыж Рок-каранацыі знішчаны

120328 PomidoroffS_0.mp3

Еўрарадыё: Чаму вы не паедзеце на Рок-каранацыю?

 

Аляксандр Памідораў: Ёсць некалькі падставаў. Па-першае, у мяне на гэты дзень быў прызначаны канцэрт у іншай краіне. Хаця, у прынцыпе, была магчымасць яго перанесці. Але пазней я вызначыўся, што мы ўсё ж не будзем удзельнічаць у Рок-каранацыі. Гэта прадыктавана арганізацыяй, да таго ж, калі я пабачыў спіс намінантаў, гэта яшчэ раз пацвердзіла маю думку. Яшчэ год ці два таму я спрабаваў “завязаць” з Рок-каранацыяй, калі мяне запрашалі ў якасці вядучага, але даводзілася выходзіць і выратоўваць сітуацыю. Зараз у музычным жыцці абставіны складаюцца так, што я не лічу патрэбным удзельнічаць у гэтай прэміі.

Еўрарадыё: А што вам не спадабалася ў спісе намінантаў?

 

Аляксандр Памідораў: Па-першае, мне не падабаецца, што спіс намінантаў выстаўляецца і абнародуецца літаральна за чатыры дні да цырымоніі. Не ўсё ясна з фарматам правядзення цырымоніі. Выглядае, што ў гэтым годзе ўласна каранацыя зойме паўтары гадзіны. Які сэнс праводзіць такую ўзнагароду і ўручаць такія прэміі? Не зусім зразумелыя прынцыпы адбору і прынцыпы ўдзелу журы. Карацей, збольшага гэта арганізацыйныя рэчы і ўсё тое, што адбывалася вакол каранацыі апошнія некалькі год. На жаль, прэстыж гэтай цырымоніі знішчаны, і я бачу, што апошнія гады правядзення гэтай прэміі – гэта кампраметацыя ўсяго, што завецца каранацыяй, усяго, што мы памятаем, як каранацыю, і ўвогуле року.

Еўрарадыё: Ваш гурт намінавалі ў трох намінацыях. Калі вы атрымаеце ўзнагароду, вы яе прымеце?

 

Аляксандр Памідораў: Дзякуй, канешне, велічэзны, але маё стаўленне да ўзнагародаў аднабокае і спадзяюся зразумелае: не музыка для ўзнагародаў, а ўзнагароды для музыкі. Мы займаемся музыкай не дзеля таго, каб атрымаць нейкую там штучку, гэта не ёсць звышмэтай. Калі ты гэтым займаешся толькі дзеля прэміі нейкага парталу ці ўзнагароды Рок-каранацыі, то гонар табе і ўхвала. Але я так мяркую, што большасць нашых музыкаў займаецца музыкай, бо хочуць нешта сказаць і данесці да слухача.

Еўрарадыё: А чаму на вашую думку ўсё так сапсавалася?

 

Аляксандр Памідораў: Не ведаю, чаму сапсавалася Рок-каранацыя, чаму сапсавалася Басовішча. Чаму ўвогуле ў нашым жыцці ўсё так сапсавалася, я думаю, большасць людзей уяўляе. Бяда ў тым, што час ідзе далей, а гэтыя фэсты, намінацыі і цырымоніі па прынцыпах правядзення, адбору, стаўлення да музыкаў і ўсяго астатняга засталіся далёка ў нейкім 98-м годзе, напэўна. Зараз усё мусіць выглядаць інакш. Мы зараз граем на іншых інструментах, у нас зараз прынцыпова іншая ўзмацняльная апаратура. І калі цырымонію, на якой ідзе хаця б спроба размовы пра рок-рух у краіне, праводзіць у Маладзечне – то давайце тады праводзіць яе штогод у новым месцы. Але шукаць месца па прынцыпе шляху найменшага супраціву – я з гэтым не згодны. На маю думку, у сітуацыі, калі мы не можам граць легальныя канцэрты ў сваёй краіне і калі мы і разам з намі слухачы павінны цярпець знявагу да музыкаў, калі ў дзень канцэрта з тлумачэннем “вы ж самі ўсё ведаеце” канцэрт адмяняецца (а гэта заўсёды стрэс) – калі б у гэтых умовах я быў арганізатарам, я б абвясціў байкот і ўвогуле не праводзіў цырымонію.

Еўрарадыё: Што б вы пажадалі арганізатарам Рок-каранацыі?

 

Аляксандр Памідораў: Больш думаць пра музыкаў. Быць больш смелымі і больш адпавядаць слову “рок” ва ўсіх яго сэнсах. Мой няўдзел - гэта толькі маё рашэнне, я ні на каго ўплываць не хачу, у мяне ёсць свае асабістыя стасункі з тым, што завецца Рок-каранацыяй, і свая асабістая гісторыя, звязаная з гэтай прэміяй. І я жадаю поспехаў усім, хто намінаваны і ўсім, хто стане лаўрэатам. Але мы бярэм самаадвод, я лічу немэтазгодным удзельнічаць у каранацыі і не ведаю, ці будзе мэтазгодным удзельнічаць у ёй надалей, калі яна будзе праводзіцца ў  такім выглядзе.

 


 120328 RadzivonauS.mp3

 

 Еўрарадыё: Ці ёсць сёлета з каго выбіраць намінантаў?

 

Вячаслаў Радзівонаў: Ёсць. Мінулы год быў пладавіты для беларускай музыкі, было шмат добрых альбомаў, шмат песень. Ужо трэцяя ці чацвёртая прэмія за мінулы год пацвярджае, што ёсць з чаго выбіраць.

Еўрарадыё: Сярод музыкаў і слухачоў пануе настрой, што Рок-каранацыя ўжо не тая, што была. Ці вы з гэтым пагаджаецеся?

 

Вячаслаў Радзівонаў: Я думаю, што да Рок-каранацыі трэба ставіцца даволі спакойна. Хоць гэта і найстарэйшая беларуская музычная прэмія, але ніхто нікому нічога не абавязаны. Таму ўсё адбываецца як звычайна – добрыя намінацыі, добрыя намінанты. Чаму яна павінна быць такой, як раней? чаму яна павінна быць нейкай іншай? Я не лічу, што нешта кардынальна змянілася ў горшы ці ў лепшы бок. Проста зараз выбар гуртоў стаў шырэйшы, усе хочуць перамагчы ва ўсіх магчымых узнагародах. Таму з’яўляюцца крытыкі. Але арганізатары робяць сваю справу, яны абазначылі крытэры і таму ўсё як звычайна.

Еўрарадыё: А чаму Рок-каранацыя перанеслася ў Маладзечна і ці вернецца яна калі-небудзь у Мінск?

 

Вячаслаў Радзівонаў: Я не арганізатар і таму нічога не магу сказаць дакладна. У Маладзечне ёсць зацікаўленасць. У гэтым горадзе насамрэч адбываецца вельмі шмат музычных падзей, пра якія ніхто не ведае. Там даволі цікавая электронная сцэна і панк-сцэна. Слухачоў там дастаткова і, наколькі мне вядома ад арганізатараў, квіткі раскупляюць даволі добра. Калі б былі прапановы ад іншых гарадоў, напэўна, маглі б правесці Рок-каранацыю і ў іншым горадзе. Але, напэўна, адміністрацыя горада і адміністрацыя палаца культуры, дзе адбываецца прэмія, зацікаўленыя гэтай падзеяй.

Еўрарадыё: Якія на вашую думку гады Рок-каранацыі былі найлепшымі?

 

Вячаслаў Радзівонаў: Цяжка сказаць. Мой узрост не такі, каб я мог узгадаць першыя Рок-каранацыі. Хутчэй за ўсё – у пачатку 2000-х., таму што не было ніякіх забаронаў для музыкаў, было шмат канцэртаў, ніхто не перашкаджаў рабіць Рок-каранацыю. Зараз арганізатары не могуць запрасіць ні Краму, ні Ляпісаў, ні іншыя гурты.

Еўрарадыё: Якія на вашую думку захады можна зрабіць, каб Рок-каранацыя не згасала, а развівалася?

 

Вячаслаў Радзівонаў: Як і ўва ўсёй беларускай музыцы, у першую чаргу трэба каб проста не перашкаджалі музыкам і арганізатарам ладзіць мерапрыемства. І канешне, трэба, каб прыватныя ці нават дзяржаўныя прадпрыемствы дапамагалі ў арганізацыі канцэртаў, у першую чаргу, грашыма, таму што любы канцэрт – гэта даволі вялікія выдаткі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі