Барадулін: 77 гадоў нагадваюць мне пра партвейн “777”!
Народны паэт Беларусі прымаў віншаванні ў пятніцу ад 9-й раніцы, а за святочны стол сядзе толькі ў суботу.
Дзядзька Рыгор адзначае прыгожую дату — 77 гадоў. І хоць яна не круглая, колькасць віншаванняў зашкальвае. Першыя ахвотныя пазычыць здароўя пачалі накручваць паэтаў тэлефон яшчэ а 9-й раніцы. Аднак Барадулін ўстаў раней, таму віншаванні не пабудзілі яго.
Рыгор Барадулін: “Прачнуўся сам, а пасля пачалі тэлефанаваць, віншаваць. Прыемна, што нехта помніць мяне. Я рады, што ніхто афіцыйна не віншаваў. Я дужа рады”.
Самому імянінніку дата 77 падабаецца.
Рыгор Барадулін: “Я люблю “сямёрку”, гэта шчаслівая лічба, а калі два разы… Павінна быць нешта добрае. Тым больш, я з маладых гадоў памятаю, што партвейн “777” — гэта было вялікае шчасце. З аднаго боку, нагадвае тыя маладыя гады, калі яшчэ мог піць, і добра піць. Засталося спадзяванне, што будзе і трэцяя сямёрка — але, баюся, партвейна ўжо не вып’ю. Бо не п’ю ўжо гадоў 35 — людзі столькі не жывуць, колькі я не п’ю”.
Барадулін прыгадвае, што самыя вясёлыя святкаванні былі якраз у той час, калі згаданы партвейн паэт яшчэ ўжываў.
Рыгор Барадулін: “Самыя вясёлыя святкаванні дня народзінаў былі ў 70-я гады, калі я мог многа выпіць, і мае сябры маглі многа выпіць, і было чаго выпіць. Карацей, калі мы маглі. Калі маглі ўсё. А цяпер, калі нічога не можаш, толькі ўспамінаеш…”.
Сёння зранку на круглым стале да 80-годдзя газеты “Літаратура і Мастацтва” прагучала пытанне, чаму газета ні слова не згадала пра дзень народзінаў Барадуліна. Галоўная рэдактарка Таццяна Сівец патлумачыла гэты тым, што “ніхто не прынёс матэрыялаў”, а генерал-літаратар Мікалай Чаргінец дадаў, што “і цяпер не позна, можна ўзяць пляшку і пайсці павіншаваць”. Што будзе рабіць Барадулін, калі Чаргінец заявіцца з пляшкай?
Рыгор Барадулін: “Налію яму і пастаўлю закусь. Пажадаю яму добрага здароўя, калі будзе піць. Піццё — гэта святае справа, хто б ні піў — ці Чаргінец, ці не Чаргінец”.
Жонка паэта Валянціна Міхайлаўна пералічвае, у якой форме прыходзілі віншаванні.
Валянціна Барадуліна: “Тэлефанаваць пачалі недзе з 9-й раніцы. А прыходзіць пачалі недзе з 12-й. І мабільны, і кватэрны тэлефон — не змаўкалі. Нават паесці неяк было нязручна. Шмат хто прыходзіў. Прыходзіў Някляеў з жонкай Вольгай, з “Белсата” прыходзілі запісвалі, сябры прыходзілі, суседзі некаторыя. Усе памятаюць! Я нават здзівілася, бо дата не круглая. Але прыгожая — дзве сямёркі!”
Падарункаў як такіх было няшмат, самы прыгожы зрабілі… амерыканцы!
Валянціна Барадуліна: “З амерыканскай амбасады падаравалі яму прыгожую асадку, цукеркі, дужа кранальнае віншаванне вялікае. Паштоўкі прыходзяць. З адметных чыноў ніхто не віншаваў. Вось калі было 75, тады і міністр замежных спраў віншаваў, і міністр культуры. Прэзідэнт не віншаваў. І ў газетах быццам бы не было”.
Валянціна Міхайлаўна кажа, што сямейнае святкаванне вырашылі перанесці на 25 лютага — у пятніцу Рыгор Іванавіч дужа стаміўся ад такой колькасці віншаванняў. Жонка паэта ўжо гатуе яму прысмакі да святочнага стала.
Валянціна Барадуліна: “Я запякла кавалак мяса ў жароўні з часнаком, зрабіла рулет мясны — зварыла, пад гнёт паклала. Набыла “дзяржаўнае” мяса — ветчына, кілбаса, падобная да дамашняй, адбіўныя… Мяса, мяса — у нас заўсёды мяса. Нейкія салаты. Набыла бутэльку чырвонага віна, бутэльку лікёра для дамаў. Рыгор Іванавіч жа з 1974 года не пі’е зусім нічога, нават кроплі сардэчныя, бо там ёсць спірт. Так што ён будзе сваю “Дарыду” піць!”
Еўрарадыё віншуе Рыгора Барадуліна з 77-годдзем, зычым здароўя і натхнення!