Бразільянка Андрэа, якая спявае на “мове”, падзякавала беларусам (відэа)
А таксама праспявала яшчэ адну беларускую песню і паабяцала адказаць на пытанні.
"Прывітанне Беларусь! А вось і я зноў - кажа Андрэа на пачатку відэа, - Я паспрабую запісаць "ліст-падзяку". Каб проста сказаць "Дзякуй! Дзякуй! Дзякуй!" ад чыстага сэрца за ўсе цёплыя словы, якія я прачытала ў інтэрнэце, за вашу падтрымку. Я вымушаная сказаць "прабачце", за тое што "забіваю" вашу мову. Часам я баюся сказаць некаторыя словы няправільна, бо ў вас вельмі шмат гукаў, якіх няма ў маёй роднай мове – бразільскай партугальскай. Але я стараюся. А зараз я паспрабую праспяваць яшчэ адну песню для вас, а пазней я напішу адказы на некаторыя пытанні, якія ў вас узніклі, і тое, што я сама хацела б сказаць (А ў мяне шмат таго, што я б хацела сказаць). Але пакуль толькі песня".
Нагадаем, што Андрэа Жавана – грамадзянка Бразіліі, якая захапляецца беларускай музыкай ужо шмат гадоў. Яна не разумее беларускай мовы, але ведае на памяць песні нашых выканаўцаў і спявае іх амаль без акцэнту. Бразільянку Еўрарадыё ўпершыню сустрэла ў Партугаліі падчас дзён беларускай культуры "Адкрывай Еўропу - Адкрывай Беларусь". Андрэа вучыцца ў Лісабоне. Калі яна даведалася пра канцэрт беларускага гурта "Akana", то кінула ўсе справы і прыехала за 100 кіламетраў, каб нарэшце жыўцом пачуць беларускую музыку.
Відэа, на якім Андрэа выконвае "Купаліначку" гурта "Харлі", энэрэмаўскі “Менск і Мінск”, а таксама дапамагае Русі спяваць “Заеньку” за першыя тры дні прагледзела амаль 11 тысяч чалавек! У новым роліку дзяўчына спявае песню Тарыела Майсурадзэ, якая называецца "Нелюдзімая".