Clover Club: У параўнанні са старымі рокерамі, моладзь больш адасобленая

“У Мінску ёсць адзін цудоўны бар, у якім падаюць кактэйль Clover Club”.

111007 Inter 1.mp3

Еўрарадыё: Напэўна, варта пачаць з таго, што гурт Clover Club у мінулым меў іншую назву, граў іншую музыку і меў іншага вакаліста. Чаму было вырашана спыніць існаванне гурта Zombie Zoo і цалкам змяніць канцэпцыю?


Наці: Я разам з хлопцамі грала ў Zombie Zoo паўтара года, а Патрык (вакалістка Clover Club) была нашай фанаткай, самай сапраўднай нашай прыхільніцай. І мы яе заўважылі, палюбілі. Карацей, яна была прыхільнікам, які быў блізкі для ўсяго гурта. У выніку мы пачалі разам дзесьці завісаць, тусавацца. А калі паўстала пытанне пра пошук новага чалавека, мы вырашылі, што Патрык можа ім стаць. Гэта абсалютна выпадкова, на яе месцы мог быць хто заўгодна. Мы шукалі вакаліста і былі гатовыя да любога варыянту. Але з-за таго, што Патрык нам проста падабалася як чалавек, як дзяўчына, мы вырашылі паспрабаваць яе.


Еўрарадыё: Clover Club ды Zombie Zoo абсалютна непадобныя гурты з усіх бакоў. Закрываючы адзін праект і адкрываючы іншы, вы ўжо ведалі пра гэтыя змены, ці так атрымалася дзякуючы прыходу Патрыка?

 
Наці: Хутчэй невыпадкова, бо яшчэ ў межах Zombie Zoo людзі пачалі развівацца, змяніліся музычныя бачанні, і не толькі музычныя. Так склалася, што ўжо ў межах таго калектыву ў нас было шмат разыходжанняў. І шукалі мы новага чалавека ўжо пад новы праект і новы гурт.


Патрык: Zombie Zoo насамрэч вельмі змяняліся. Той жа сінгл, які яны выдалі, быў вельмі непадобны да таго, што яны выконвалі да гэтага. Таму пэўныя змены азначыліся ўжо тады, але канцэпцыя новай творчасці, мне падаецца, аформілася ўжо калі пачаў працаваць Clover Club. То бок ужо ў працэсе акрэслілася канкрэтная мадэль.

Еўрарадыё: А хто зараз аўтар песень?


Патрык: У асноўным тэксты пішу я, акрамя аднаго, які напісаў наш гітарыст Генры. Музыку мы прыдумляем разам, адбываецца гэта двума спосабамі: або мы пачынаем імправізаваць на рэпетыцыі і нешта нараджаецца, або хто-небудзь прыносіць ужо прыдуманаю нарыхтоўку. Пішуць музыку ў нас усе, і гэта вельмі здорава, бо кожны прыўносіць нешта сваё.


Еўрарадыё: Адкуль з’явілася назва Clover Club, ці ёсць у ёй нейкі канцэптуальны падтэкст?


Патрык: Расказаць праўдзівую гісторыю з’яўлення назвы? Думаю, можна! У Мінску ёсць адзін цудоўны бар, у якім падаюць кактэйль Clover Club. Я гэты бар даволі часта наведваю. І мне чамусьці падалося, калі я пакаштавала гэты кактэйль, што назва можа падысці для гурта. Потым была цікавая гісторыя. Я сустрэла чалавека, які пакаштаваў гэты кактэйль і сказаў, што жадае жыць так, як той пахне. Тады я зразумела, што ўсё ж напэўна выбрала добрую назву для гурта. А потым, ужо пост-фактум, мы абмяркоўвалі з музыкамі, што ў назвы насамрэч вельмі прыемная энергетыка, бо канюшына — гэта поспех, плюс у слове сlover на англійскай мове зашыфраванае слова "любоў" (Clover Club), то бок тое, што мы нясем у свет.


Наці: Так, з Zombie Zoo справы ішлі не так, як нам хацелася, і ў нас ужо пачыналіся думкі, што на гэта ўплываюць нейкія рэчы ў назве. Таму нам хацелася штосьці такое, што створыць для нас спрыяльную аўру.


Патрык: Як кажуць: як карабель назавеш, так ён і паплыве.

Еўрарадыё: А вашы мянушкі — гэта працяг назвы? Увогуле чаму вы вырашылі адмовіцца ад сваіх імёнаў? Ці гэтыя мянушкі ў вас яшчэ з дзяцінства?

Патрык: Не, не тое каб з дзяцінства. Проста захацелася прымерыць на сябе новыя вобразы. Разам са зменай канцэпцыі неяк па-іншаму абазвацца і па-іншаму паглядзець на свет.

 

“Ёсць гурты, якія на нас паўплывалі, але быць падобнымі да каго-небудзь мы не імкнемся”

111007 Inter 2.mp3

Еўрарадыё: Як вы самі называеце, характарызуеце свой стыль?


Патрык: Мне падаецца гэта вельмі складана зрабіць. Мы класіфікуем сябе як “індзі”, гэта ад слова “незалежны”.


Наці: Насамрэч складана сказаць, бо шмат чаго намяшана, але гэта неўсвядомлена, не спецыяльна. Да таго ж зараз зручна ўсё называць незалежны рок. Мы ніколі не задаваліся мэтай граць у пэўным стылі ці быць да каго-небудзь падобнымі.


Патрык: Напэўна, ёсць выканаўцы ды гурты, якія на нас паўплывалі, але канкрэтна быць падобнымі да каго-небудзь мы не імкнуліся, бо ў гэтым няма сэнсу.


Еўрарадыё: А што гэта за калектывы?


Патрык: Yeah Yeah Yeahs, напрыклад. Нават не столькі ў музычным сэнсе паўплывала, колькі ў падачы сябе на сцэне.


Еўрарадыё: Дарэчы, на сцэне вы робіце своеасаблівае шоў. Вы яго адмыслова прыдумваеце на рэпетыцыях альбо нейкія элементы нараджаюцца падчас выступаў і вы іх проста пакідаеце і на далейшыя канцэрты?


Наці: У мяне ёсць добрае параўнанне пасля Zombie Zoo. Дык вось зараз выходзіш на сцэну і адчуваеш сябе абсалютна камфортна. Ты адчуваеш, што робіш тое, што і хацеў рабіць. З-за гэтага ўжо натуральна пачынае перці і з-за гэтага атрымліваюцца пэўныя імправізацыі ды элементы шоў. І плюс мы самі зразумелі, што зараз вельмі важна ствараць гэтае шоў.


Патрык: То бок мы першапачаткова наладжваемся на тое, якімі эмоцыямі зарадзіць гледача.


Еўрарадыё: Да прыкладу, ваша задума з мегафонам. Ідэя, канешне, не новая, але як яна з’явілася ў вас?

Наці: Мы вырашылі, што было нядрэнна дадаць нейкія гукі ў нашы песні. У нас былі абмежаваныя магчымасці, у сэнсе набыць нейкія працэсары і г.д. Мы пачалі шукаць самыя простыя варыянты. А я якраз паглядзела канцэрт, дзе жанчына спявала ў мегафон. Я ўзгадала, што гэта было супер і распавяла хлопцам. Генры (гітарыст — заўв. Еўрарадыё) згадаў, што ў яго сябра ёсць халяўны мегафон, які ён гатовы падарыць, за што яму, дарэчы, шчыры дзякуй. На наступную ж рэпетыцыю ён яго прынёс і мы зрабілі.


Еўрарадыё: То бок, гэта як раз той варыянт, калі фішка прыдумалася загадзя, не на сцэне.


Наці: Ну, так!


Еўрарадыё: А ў жыцці вы што слухаеце? Я так разумею, што ў кожнага з музыкаў розныя густы.


Патрык: Абсалютна! Вельмі розныя!


Наці: Я нядаўна закачала сабе плэй-ліст Патрыка і была ў шоку. Столькі ўсяго, здорава, там і джаза ўсялякага хапала, карацей, чаго толькі не было.


Патрык: Насамрэч вельмі шмат усяго. Апошнім часам я неяк падсела на электронныя варыяцыі джаза, фанка, соўла і гэтак далей, у тым ліку і класічных тэм. Мне ўвогуле больш блізкая так бы мовіць "чорная музыка" — блюз, фанк, джаз і ў тым ліку электроншчына.

"Натуральна, мы жадаем скарыць цэлы свет!"


111007 Inter 3.mp3

Еўрарадыё: Вы спяваеце на англійскай мове. Не збіраецеся гэта змяняць? Мяне больш цікавіць беларускамоўны накірунак.


Патрык: Ва ўсялякім разе мы не заракаемся. Я пішу тэксты на англійскай, бо мне прасцей на ёй пісаць, чым на любой іншай мове. Для мяне яна больш гнуткая і ёмістая, ёй лягчэй абмаляваць нейкую ідэю. Тым больш я вырасла пераважна на англамоўнай музыцы. Канструкцыі нейкія ў галаве улегліся, таму так прасцей пісаць. Але вось у апошняй песні, якую мы запісалі, ёсць частка на партугальскай мове, хоць партугальскую ў нашым гурце ніхто не ведае. Я сабрала ў кучу свае бедныя веды ў іспанскай, граматычныя канструкцыі, і праз google translate гэта ўсё зрабіла. Нібыта не вельмі палёна атрымалася, я спадзяюся. А так цалкам верагодна, што будуць песні на іншых мовах, у тым ліку і на беларускай, мы не выключаем такой магчымасці. Але ў канкрэтных планах гэтага няма.


Еўрарадыё: Ці не сведчыць вашая англамоўнасць, што вы першапачаткова робіце прадукт для Еўропы, а не для, напрыклад, Беларусі?


Патрык: Натуральна, мы жадаем скарыць цэлы свет! (смяюцца) Зразумела, што мы будзем нешта рабіць у Беларусі, бо даволі складана адразу прабіцца куды-небудзь туды. Але ў перспектыве хацелася б пашыраць, так бы мовіць, сферу ўплыву.


Наці: Усё будзе паступова, шляхам вельмі інтэнсіўнай працы.


Патрык: То бок, планаў кудысьці з'ехаць і працаваць там няма.

 

Еўрарадыё: Дзіўна, бо вельмі шмат маладых музыкаў, ды і не толькі маладых, увесь час скардзяцца, што ў Беларусі музыкай немагчыма зарабляць грошы...


Патрык: Так, тут складана зарабляць музыкай грошы, асабліва на пачатку. Але можна ж зарабіць кучу грошай, а потым кінуць працу і займацца толькі музыкай. То бок ёсць зусім розныя варыянты, і я думаю, што не трэба сябе абмяжоўваць. У тым сэнсе, што адзіная магчымасць займацца музыкай — гэта куды-небудзь з’ехаць. Тым больш, там хапае сваіх творцаў, і разлічваць на тое, што цябе там прымуць з раскрытымі абдымкамі, таксама не трэба. Не ведаю, усё залежыць ад музыкі, калі ты сапраўды класны музыка, то цябе прымуць і там, і там.


Еўрарадыё: А вы дзесьці працуеце ці зарабляеце музыкай? Можна не адказваць.


Патрык: Ну, сумяшчаем.

"Старыя рокеры былі аб’яднаныя агульнай ідэяй, а сярод моладзі ёсць пэўная безуважлівасць"



Еўрарадыё: Добра! А ці ёсць у вас канкурэнты сярод беларускіх музыкаў?


Патрык: А што такое канкурэнцыя ў музыцы? Складана сказаць.


Наці: Асабіста я за тое, каб прыхільнікам падабаліся і мы, і нехта іншы, і абсалютна не шкада. Калі мы будзем укатываць людзям, то не можа такога быць, што нейкі гурт забярэ нашых прыхільнікаў. Проста ў іх пашырыцца музычная зацікаўленасць у беларускай музыцы.


Патрык: Гэта ж не футбол, у тым сэнсе, што я люблю “Манчэстэр” і ненавіджу “Мілан”. Тут, мне падаецца, больш магчымасцяў любіць шматлікіх.


Наці: У кожным разе, такой сітуацыі, каб нехта з музыкаў устаўляў палкі ў колы, яшчэ не было. Наадварот, мы імкнемся да супрацоўніцтва, бо гэта прыносіць больш плёну, чым пазіцыя канкурэнцыі і гэтак далей.


Еўрарадыё: Добра, тады з кім вы сябруеце з музыкаў? І ўвогуле, нашы “генералы року” заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго, хадзілі на канцэрты і г.д. А як маладыя рокеры?


Патрык: Сярод гуртоў-сяброў магу назваць Hum Flying Bullet Proof Noodle, мы ходзім адзін да аднаго на канцэрты. Разам з імі запісалі рэмікс на нашу песню, пастаянна супрацоўнічаем. Што ж датычыцца агульных адносінаў з іншымі гуртамі, то ў мяне няма такога адчування. Думаю, што гэта ёсць у пэўнай ступені, але не так, як з “генераламі айчыннага року”. Тыя старыя гурты былі аб’яднаныя нейкай агульнай ідэяй, а зараз гэтая музыка стала менш сацыяльнай. Стасункі ёсць. Часам вельмі душэўныя. Мы з іншымі музыкамі сустракаемся, ёсць пэўныя тусоўкі, зноў жа выпіваем разам у грымёрках, але, на мой погляд, ёсць пэўная безуважлівасць.

 

"Сыход басіста для нас быў вельмі дзіўным і нечаканым"

111007 Inter 4.mp3
Еўрарадыё: Ну і давайце на больш сумную тэму. Ведаю, што ад вас сышоў басіст, які граў ад самага пачатку, яшчэ з часоў Zombie Zoo. Што здарылася?


Наці: Калі шчыра, то для нас гэта было вельмі дзіўна і нечакана. За тыдзень да гэтага мы давалі інтэрв’ю, дзе казалі, што мы сябе адчуваем, як адна вялікая сям’я. Насамрэч мы сябе так адчуваем, але праз тыдзень пасля гэтых словаў басіст сказаў, што сыходзіць. Канкрэтнай прычыны не было — нейкай сваркі, ці ён куды-небудзь з’язджае.


Патрык: Мне падаецца, што ён проста стаміўся і яму патрэбны перапынак. Ну, гэта можна зразумець, бо, напэўна, у кожнага бываюць моманты, калі ёсць жаданне толькі ляжаць і забіць на ўсё. Магчыма, у Славы зараз падобны да гэтага перыяд. Я думаю, ён занадта творчы чалавек, каб кінуць музыку назаўсёды. Ён адпачне і зноў за яе возьмецца. Праўда, хутчэй за ўсё, ужо не з намі, бо мы не можам стаяць на месцы. У кожным разе мы ўсе яму жадаем поспехаў, калі ён вырашыць вяртацца ў музыку.


Наці: Я таксама аналізавала гэтую сітуацыю і зразумела, што мы ўсе ў пэўны момант прыйшлі да таго, што прыярытэты расстаўленыя на карысць музыкі. У пэўны момант мы зразумелі, што трэба рэальна араць, каб чаго-небудзь дасягнуць. Не трэба баяцца рэпетыцый больш за тры разы на тыдзень, не трэба баяцца патраціць на музыку ўвесь свой вольны час. І гэтым трэба займацца, калі жадаеш дасягнуць хоць чаго-небудзь. І мне падаецца, што не ўсе былі гатовыя да такой ахвяры для музыкі.

 

"Ад верасня мінулага года хацелі хутчэй выдаць альбом, але тэрміны ўвесь час пераносіліся"

Еўрарадыё: Ваш дэбютны альбом, я так разумею, падвіс з-за сыходу басіста. Калі цяпер чакаць дыск?


Патрык: Пакуль вельмі складана сказаць што-небудзь канкрэтна, але мы вельмі спадзяемся, што зробім гэта да пачатку наступнага года.


Наці: Мы, пачынаючы ад верасня мінулага года, хацелі як мага хутчэй выдаць альбом, але тэрміны ўвесь час пераносіліся. Альбом залежаў ад басіста, бо ён займаўся запісам і звядзеннем. Як раз у нас усё з’явілася, мы пабудавалі студыю, столькі ўсяго зрабілі, але ён сышоў. Мы абавязкова будзем рабіць альбом, проста зараз гэтая справа зноў пераносіцца. Мы зараз шукаем добрага гукарэжысёра.


Еўрарадыё: А колькі будзе песень на альбоме і колькі ўжо запісана?


Наці: Пакуль запісаныя дзве песні, якія яшчэ нідзе не выходзілі, плюс тыя, што ўжо выходзілі на сінглах. То бок недзе чатыры тэмы гатовыя, нейкія яшчэ ў працэсе.


Патрык: А плануем… Гледзячы як мы будзем паспяваць па часе, хацелася б песень дзевяць на альбоме.


Наці: Але праграма ў нас ужо вельмі вялікая. Мы пастаянна абмяркоўваем тое, што трэба ўключыць у альбом. Але з запісам пакуль правісаем.


Еўрарадыё: Зараз усе маладыя музыкі пачалі актыўна здымаць відэа. У вас што-небудзь плануецца?


Патрык: Мы плануем зняць кліп на песню з нашага другога сінгла. Ужо ёсць пэўныя ідэі на гэты конт, засталося іх толькі ажыццявіць. Але пакуль мы яшчэ не вырашылі, калі. Гэта будзе вельмі, так бы мовіць, нізкабюджэтны прадакшн. Мы хочам выдаткаваць мінімальна грошай, але максімум крэатыву. Гэта будзе нешта вар’яцкае, безумоўна.

 

"Якія б узнагароды ні атрымлівалі, але натоўпу на канцэртах няма"


111007 Inter 5.mp3
Еўрарадыё: За апошні год вы атрымалі шмат розных узнагарод ад журналістаў, то бок журналісцкае прызнанне ўжо ёсць. Гэта неяк паўплывала на колькасць вашых прыхільнікаў?

 

Патрык: Мне падаецца, што ў нашай краіне такія ўзнагароды не шмат значаць для публікі. Безумоўна, мы ганарымся тым, што атрымалі гэтыя ўзнагароды, безумоўна, мы гэтаму рады, але ад гэтага нічога не адбываецца.


Наці: Якія б узнагароды мы ні атрымлівалі, але натоўпу людзей на канцэртах няма. Але мы разумеем, што ў гэтым мы самі вінаватыя. І ведаем, як гэта выправіць. Проста для гэтага патрэбны час.

 

"Сава — вельмі блізкі для нас сімвал, ёй мы і прысвяцілі гэтую песню"


 

Еўрарадыё: Ну, і распавядзіце пра песню, якую мы сёння фактычна прэзентуем у нашым эфіры.


Патрык: Песня называецца Nada mais, што ў перакладзе з партугальскай мовы азначае “Больш нічога”. Гэта такая філасофская песня пра любоў, прысвечаная саве. Проста была такая рэальная гісторыя падчас матчу нейкіх лацінаамерыканскіх футбольных каманд, у адной з якіх талісманам была сава. Дык вось гэтая сава раптам падчас гульні вылецела на поле. Гулец з іншай каманды яе пхнуў, пасля чаго яна памерла ў рэанімацыі. Нам было яе вельмі шкада. Проста сава нейкім чынам стала талісманам нашага гурта. У Наці, калі яна малявала вокладку для першага сінгла, атрымалася такая прыгожая псіхадэлічная сава, якая потым стала адным з талісманаў нашага гурта разам з канюшынай ды сырам. А потым, калі мы пабудавалі сваю кропку, там побач лес, высветлілася, што ў ім жыве сава. Яна перыядычна пралятае над нашай кропкай. Таму мы вырашылі, што сава — гэта вельмі блізкі для нас сімвал, і прысвяцілі гэтую песню ёй. Песня вельмі лірычная, вельмі ўсім падабаецца, адна з маіх улюбёных нашых песень. Зараз мы плануем яе выдаць як невялікі сінгл, каб пра нас не забыліся, пакуль мы запішам альбом. І на альбом яна таксама трапіць.


Еўрарадыё: І перад тым, як паслухаць гэтую песню, праанансуйце свой бліжэйшы выступ.

 

Патрык: 20 кастрычніка запрашаем усіх у клуб Doodah King! Мы там удзельнічаем у канцэрце, які называецца Rock Sandwich, разам з гуртамі Avias, 2Morrow2Late ды “Гаротніца”. Таму яшчэ раз запрашаем усіх паглядзець на нас і на іх і атрымаць асалоду ад вечара ды музыкі.

 

Фота з архіва музыкаў, а таксама з generation.by і budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі