Для галерэі “Ў” прыдумалі свой электронны стыль — “Ўмбіент”
Канцэптуальная мяшанка ад DJ I.F.U. гучыць у галерэйным вінным бары ўвечары па чацвяргах.
Дыджэй-бар у Мінску — экзотыка. Знайсці кавярню, дзе музыку па вечарах адмыслова падбіраў бы дыджэй, складана. Тым больш па працоўных днях. Loft Cafe, Кватэра №3, Кальянная №1… З вядомага Еўрарадыё — усё.
Два тыдні таму да месцаў, дзе есці і піць можна пад аўтарскі дыджэйскі сэт, дадаўся вінны бар галерэі “Ў”. Беларуска-брытанскі DJ I.F.U. (Аляксей Кутузаў) вынайшаў для гэтага месца свой музычны фармат — "Ўмбіент". Ягоныя музычныя падборкі можна слухаць шточацвер з 20:00 да поўначы.
"Што такое “Ўмбiент”? Найперш гэта ambient — як стыль музыкі і навакольнае асяроддзе, атмасфера. Плюс "Ў" — назва бару. Таксама атрымліваецца "ум", кшталту, разумная музыка”, — тлумачыць Еўрарадыё DJ I.F.U.
Музыка, якая складае “Ўмбіент” — спакойная, прыемная, месцамі эксперыментальная сучасная электроніка: сhill out, lounge, глыбокі ambient, розны спакойны IDM, bass music, digital hip hop, nu-disco, deep house, post-dubstep і нават індзі.
Праект разлічаны на 2 месяцы, апошняя эдыцыя адбудзецца на пачатку траўня.