Фільм беларускага рэжысёра трапіў у адзін спіс з порнастужкамі!
Магчыма, з-за сваёй назвы — “Страсть”. Еўрарадыё разабралася, як сярод порна аказалася кіно дакументаліста Уладзіміра Дашука пра дайвераў.
Еўрарадыё нечакана заўважыла ў спісе фільмаў, забароненых для распаўсюду на тэрыторыі Беларусі.... дакументальнае кіно пра дайвераў рэжысёра Уладзіміра Дашука. Магчыма, фільм трапіў у бан з-за сваёй назвы — “Страсть”. Бо сярод іншых фільмаў з "чорнага спісу" назвай ён не надта вылучаецца.
“Там штосьці такое, што можа вас разбэсціць, паўплываць на ваш маральны стан”, —гавораць пра бан-ліст ў Дэпартаменце па кінематаграфіі Міністэрства культуры.
Але ці ведаюць сябры Рэспубліканскай экспертнай камісіі, пра што гэты фільм? Які, дарэчы, удзельнічаў у кінафестывалі “Лістапад”!
У Рэспубліканскай экспертнай камісіі Еўрарадыё ўпэўніваюць, што ў бан ідуць толькі зусім непатрэбныя фільмы.
“Гэта непатрэбныя фільмы. Гэта нават не мастацкія фільмы, а самаробка, якая прэтэндуе на тое, каб яе глядзелі”, — гаворыць сябра экспертнай камісіі Ірына Смірнова.
Кіно Дашука пра дайвераў здымалася на “Беларусьфільме” ў 2009 годзе. У экспертнай камісіі ўпэўніваюць, што праглядаюць усе фільмы. Але сябра камісіі Ірына Смірнова не можа прыгадаць, каб глядзела “Страсть” Дашука.
Ірына Смірнова: “Нічога вам не магу сказаць наконт гэтага фільма. Можа, я нешта прапусціла. Мне на прагляд такога фільма не давалі”.
Не можа сказаць, чаму ў спісе гэты фільм, і Ніна Федарцова з экспертнай камісіі.
“Па-мойму, гэты фільм і не праходзіў у нас экспертызу… Я ведаю гэты фільм, яго малады рэжысёр Дашук рабіў”.
У бан-ліст могуць патрапіць толькі тыя фільмы, дзе ёсць сцэны гвалту ці парнаграфія, гаворыць сябра экспертнай камісіі і галоўны рэжысёр Белвідэацэнтру Аляксандр Карпаў.
“Ёсць агульная атмасфера фільма, акты гвалту, адкрытая эротыка, прапаганда тэрарызму”, — гаворыць Аляксандр Карпаў.
Чаму ж 20-хвілінны дакументальны фільм Дашука пра дайвінг апынуўся ў “чорным спісе”, эксперт тлумачыць своеасабліва…
Аляксандр Карпаў: “Сярэдняе кіно такое… Зробленае на тэхнічна дрэнна знятым матэрыяле. Як сямейная хроніка, а ў фінале да гэтага далучаюцца кадры, як гіне аквалангіст…”.
Еўрарадыё: Дык а чаму ён тады ў спіс патрапіў?
“Ну, ён і не прэтэндаваў на пракат. Таму тут выносіцца толькі рэкамендацыя. А ўжо калі фільм у пракат выходзіць, тады вызначаецца, для якой ён аўдыторыі. Вось калі фільм выходзіць у пракат, ужо тады можна казаць: ці забаронены ён або гэта толькі рэкамендацыя”.
Агулам у бан-лісце экспертнай камісіі каля 100 фільмаў. Некаторыя з іх — удзельнікі міжнародных конкурсаў, у тым ліку Канскага фестывалю. Напрыклад, фільм “Антыхрыст” Ларса Фон Трыера.