Грэгары Портэр: "Мама, не хвалюйся за дачку, я насамрэч добры хлопец!"
Намінант на прэмію "Грэмі" прывёз у Мінск глыток чарнаскурай энергіі, сапраўдны соўл і новы альбом.
Бясконца абаяльны амерыканскі спявак Грэгары Портэр наведаў нашу сталіцу ў другі раз у межах праекта "Джазавы мост". Першы выступ Грэгары ў Мінску разам з гуртом Apple Tea адбыўся ўсяго паўгода таму, але і гэтага хапіла, каб аксамітны барытон артыста запаў глыбока ў сэрцы беларускіх аматараў джазу.
"Гэта ўсе вельмі індывідуальна, але, перш за ўсе, трэба быць шчырым, - тлумачыць сваю сувязь з аўдыторыяй Грэгары. - Калі ты шчыры – не істотна, на якой мове ты спяваеш. Калі ты шчыры як кампазітар і як выканаўца, калі ты пішаш музыку і вершы ад чыстага сэрца, тут ужо не маюць значэння ані мова, ані колер скуры, ані месца, адкуль ты прыехаў. Гэта аб’ядноўвае людзей, і такая музыка не можа не кранаць сэрцы".
Назіраючы за тым, як фантастычна Грэгары Портэр трымаецца на сцэне, амаль немагчыма паверыць, што яшчэ некалькі гадоў таму ён быў больш вядомы як … гулец амерыканскага футбола і повар! Сёння музыка Грэгары Портэра ў топ-10 брытанскага джазавага хіт-параду. Гэтым разам ён прывёз у Мінск сваю фірмовую "страву" – альбом пад назвай "Be good". Дарэчы, першая пласцінка спевака "Water" намінаваная на прэстыжную музычную ўзнагароду – "Грэмі" за "Лепшы джазавы альбом". Грэгары Портэр падзяліўся эмоцыямі наконт прэміі і даў сваю параду беларускім музыкам.
"Я не пісаў свае песні і не запісваў альбом з мэтай атрымаць "Грэмі". Я нават зусім не думаў пра гэта! Мае песні не былі добра вядомымі, іх не круцілі па радыё – напрыклад, песня "1961" доўжыцца аж 12 хвілін! Гэта не фармат! Таму я думаю, што тыя, хто даў мне гэтую ўзнагароду, як раз гэта і адзначылі ў маёй творчасці. Я пісаў альбом такім, якім я хацеў яго бачыць. Мая парада музыкантам – будзьце самімі сабой! Трымайцеся свайго стылю, свайго накірунку і рабіце ўсе з душой і шчыра – і гэта можа адбыцца з кожным!"
Яшчэ адна адметная рыса Грэгары Портэра – ніякай "адсябяціны". Адменная чорная музыка, сапраўдны джаз, блюз і соўл. У яго ёсць нешта агульнае з Бэры Уайтам, натуральна, з розніцай у 30 гадоў у аранжыроўках і музыцы. Пад словы адной з песень "Mama don’t worry about your daughter, she is in really good hands, - I’m a very good man!" жаночая палова залы падарвалася танчыць і задарыла Грэгары кветкамі. Прафесіяналізм і шчырасць Грэгары Портэра і ёсць аснова яго шалёнага поспеху, лічыць музычны крытык Зміцер Падбярэзскі:
"Калі чалавек на сцэне працуе сумленна, перадае свае эмоцыі , я думаю, што любая аўтарская музыка – у якім бы стылі яна ні была, нават у авангардным – даходзіць да сэрцаў слухачоў, да вушэй, да розуму, таму што яна шчырая. Яна не ідзе па нейкіх шаблонах. Я другі раз на ягоным канцэрце і не перастаю здзіўляцца, наколькі ён самааддана працуе . Ён не адпрацоўвае абавязковы нумар, а выкладаецца напоўніцу. У мяне было такое уяўленне, што калі б у гэтай зале сядзела 5 чалавек, ён працаваў бы дакладна таксама. І вось гэта для мяне паказчык прафесійнасці".
Сам спявак застаўся вельмі задаволены цёплым мінскім прыёмам і паабяцаў абавязкова прыехаць у Мінск з наступным альбомам:
"Публіка ў Мінску вельмі добрая, шчырая, ветлівая, таму я вельмі радасны, што вярнуся. Гэта кожны раз прыгожа! Я жадаў бы вярнуцца сюды яшчэ раз са сваім новым альбомам, калі ён з’явіцца. А ўвогуле, альбом – не прычына! Я з радасцю вярнуўся б ў бліжэйшым часе".
Праект "Джазавы мост" тым часам адпраўляецца на летнія вакацыі і наступны канцэрт у яго межах адбудзецца ўжо восенню.