КДБ: Звяртацца ў Інтэрпол пакуль не будзем

Камітэт дзяржбяспекі звяртаецца да ўладаў Швецыі і Літвы па дапамогу ў расследаванні нелегальнага палёту шведаў над нашай краінай. А вось у Інтэрпол – чамусьці не. У КДБ Еўрарадыё тлумачаць чаму:
120809 Pilecki KGB.mp3
КДБ: “Магчыма, гэта іх псеўданімы. Як звычайна гэта бывае. Тут жа цяжка сказаць. Таму мы накіроўвалі толькі ў Літву і Швецыю запыты”.

У КДБ прызнаюць, што ехаць шведам у Беларусь зусім не абавязкова – дапытаць могуць на месцы свае, шведскія спецслужбы:

КДБ: “Мы высылаем пэўныя дакументы на афіцыйным узроўні. Міжнароднае заканадаўства прадугледжвае магчымасць праводзіць допыты і мерапрыемствы следчыя тымі органамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі іншых краін”.

Цікава: калі шведы падчас такога допыту прызнаюцца следчым, што парушылі мяжу Еўрарасаюза — ці не будзе гэта падставай для іх затрымання?

Праўда, у КДБ настойваюць, што хацелі б правесці вочную стаўку паміж затрыманымі Сурапіным і Башарымавым з аднаго боку ды арганізатарамі “цацачнага дэсанту” — з другога.

Ёсць і яшчэ адна магчымасць паразмаўляць са шведамі напрамую — паехаць у Швецыю самім. У КДБ такі варыянт, прапанаваны Еўрарадыё, выклікае здзіўленне. Маўляў, статус беларускіх чэкістаў у скандынаўскай краіне будзе невядомым.

КДБ: “У якім статусе яны там будуць знаходзіцца? У якасці каго?”

Кіраўнік Studio Total Пэр Кромвэл у размове з Еўрарадыё ўпэўнены, што паліцыя Швецыі не пойдзе на супрацоўніцтва з беларускімі спецслужбамі.

Кромвэл: “Я не думаю, што шведская паліцыя будзе супрацоўнічаць з КДБ. Магчыма, яны скантактуюцца з намі, я дапускаю, што гэта здарыцца. Але дагэтуль ніякіх кантактаў з паліцыяй у нас не было, ніхто не звяртаўся да нас”.

У КДБ цяпер чакаюць адказу з Літвы і Швецыі ды спадзяюцца, што “неяк адрэагаваць на парушэнне паветранай прасторы NATO” давядзецца. Ход следства па справе Сурапіна і Башарымава таксама звязваюць выключна з адказам праваахоўнікаў гэтых краін.

Фота — AP Photo

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі