Колькі насамрэч у Беларусі беспрацоўных?

120514 Nasta Bezpracy.mp3

Усяго ў дзвюх краінах СНД беспрацоўных лічаць такім чынам, як у Беларусі — ва Узбекістане і Туркменістане. Таму ў нас узровень беспрацоўя ўсяго 0,7%, а ў Еўропе больш за 10%. Але, як даведалася Еўрарадыё, з 2012 года Белстат пачаў лічыць беспрацоўных паводле сусветнай методыкі.


“Адпаведна нашаму заканадаўству, беспрацоўны — гэта чалавек, зарэгістраваны ў службе занятасці. Статус беспрацоўнага прысвойваюць органы па працы. То бок яму абавязкова трэба быць зарэгістраваным у органах працы, занятасці і сацыяльнай абароны”, — тлумачаць Еўрарадыё ў аддзеле працаўладкавання Маскоўскага раёна г. Мінска.


Сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі ў сакавіку быў усяго 107 тысяч рублёў (каля 12 долараў!). Ад сілы за гэтыя грошы сёння можна купіць 2 кілаграмы мяса. Аднак нават такі “падарунак” трэба адпрацаваць… Таму рэгістравацца беспрацоўныя беларусы не спяшаюцца.


 Паводле статыстычнай службы Еўрапейскага саюза, за апошні год беспрацоўе ў краінах еўразоны вырасла. У сакавіку 2012 года яно склала амаль 11%. Найбольш нізкі ўзровень беспрацоўя ў Еўропе ў сакавіку 2012 года зафіксаваны ў Аўстрыі (4%) ды Нідэрландах (5%).


У Беларусі сапраўдны ўзровень беспрацоўя даходзіць да 7-8%, — упэўнены палітолаг Яўген Прэйгерман:


“Ёсць статыстыка па тых, хто зарэгістраваны на біржы працы, а ёсць статыстыка Міжнароднай арганізацыі працы. Згодна з гэтай статыстыкай, якая ўлічвае не толькі тых, хто прыходзіць на біржу працы, у нас у краіне дзесьці 6-7% беспрацоўных, не ўключаючы тых, хто з’ехаў працаваць у іншыя краіны”.


Як даведалася Еўрарадыё, з 2012 года Белстат пачаў лічыць беспрацоўных паводле сусветнай методыкі. Не па колькасці зарэгістраваных на біржы працы, а па выніках абследавання хатніх гаспадарак, як робіць увесь свет.


Белстат: “Будзе абследавацца па 7000 хатніх гаспадарак штоквартальна. Абследаванні ўжо ідуць, дадзеныя збіраюцца. Першыя лічбы мяркуем даць па выніках паўгоддзя, але гэта будзе проста агульная лічба беспрацоўя. А падрабязную інфармацыю дадзім па выніках года”.


Як кажа прэс-сакратарка Белстата, цяпер беспрацоўных будуць лічыць паралельна двума метадамі.


Белстат: “Гэта іншы метад атрымання інфармацыі. У свеце праводзіцца таксама такім метадам. Гэта сусветная практыка. Таму, каб мы маглі параўноўваць свае дадзеныя з дадзенымі іншых краінаў, метадалогія абследавання павінна быць аднолькавая”.


Міжнародны эксперт Дэпартамента статыстыкі Міжнароднай арганізацыі працы Ігар Чарнышоў мяркуе, што з новымі падлікамі беспрацоўе ў Беларусі павялічыцца прынамсі ў тры разы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі