Крыкуноў: "Трэнеру трэба працаваць, а не стаяць за спінамі, падняўшы нагу!"
Вядомы хакейны спецыяліст распавядае Еўрарадыё сваё бачанне гульні беларусаў, адзначае памылкі Занкаўца і разважае, хто б мог стаць новым трэнерам зборнай.
Пасля чарговага няўдалага выступу нашай зборнай па хакеі (на чэмпіянаце свету яна заняла 14 месца) Еўрарадыё традыцыйна тэлефануе заслужанаму трэнеру Беларусі Уладзіміру Крыкунову. Спецыяліст, які ў 2002 годзе прывёў беларусаў да паўфіналу Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці, а цяпер трэніруе клуб КХЛ “Нафтахімік” з Ніжнекамска, дзеліцца з намі сваім уражаннем ад гульні каманды Эдуарда Занкаўца. У сваім, традыцыйна жорсткім стылі.
Еўрарадыё: Задам неарыгінальнае пытанне… Якое ўражанне пакінула гульня нашай зборнай?
Уладзімір Крыкуноў: “Па выніку — сумнае. Але хлопцы імкнуліся наперад, змагаліся. Я думаю, што трэнеры не вызначыліся з тактыкай… Часам незразумела было, у што гуляе каманда. Сітуацыя падобная да расійскай зборнай: ёсць гульцы, а малюнка няма, і гульня неарганізаваная.
Грабоўскі біўся, як звер. А ў яго, калі ведаеце, зламаны палец… Са зламаным пальцам хлопец гуляў!”
Еўрарадыё: У чым галоўныя прычыны таго, што на сёлетнім чэмпіянаце свету беларускі хакей апусціўся яшчэ на адну прыступачку ўніз?
Уладзімір Крыкуноў: “Нельга было рабіць таго, што перад чэмпіянатам свету зрабілі Занкавец з Цыплаковым. Наколькі я ведаю, яны падзялілі каманду: ветэраны адпачываюць, моладзь працуе. Нельга! Ветэрану яшчэ больш, чым маладому трэба працаваць, каб свой узровень захаваць на чэмпіянаце свету і згуляць добра. Тым больш, калі каманда ідзе ў такую бойку, дзе вынік будзе залежаць ад кожнага гульца! Гэта і па псіхіцы ўдар быў — не ў той бок, у які трэба. Таму ў Кітарава і ў Сцяпанава і вынік, што яны працавалі больш. Працавалі б тыя ветэраны — быў бы вынік і ў іх. Гэта адна з галоўных памылак пры падрыхтоўцы да чэмпіянату свету.
А другая — тое, што на самой гульні трэнер мусіць працаваць. Стаяць ты можаш, калі гарыш 0:10. Тады стой ціха і не варушыся. А калі ўсё яшчэ шчыльна — напраўляй гульцоў, сачы за тым, каб яны выконвалі заданне, трымай тактыку. Трэнер мусіць працаваць на лаўцы, а не стаяць за спінамі, падняўшы нагу. Я ведаю, у такой позе доўга можна прастаяць, бо спіна не баліць. У мяне-та ўжо баліць спіна, таму і ведаю. Але ўсё роўна падчас гульні трэнер мусіць працаваць”.
Еўрарадыё: Ці былі б вы, як трэнер, задаволеныя складам той зборнай, з якой сёлета працаваў трэнерскі штаб Эдуарда Занкаўца?
Уладзімір Крыкуноў: “Я скажу так, што нацыянальная каманда — гэта канчатковая мэта. Таму (вернемся да “вечнага” пытання) трэба, каб больш беларускіх гульцоў было ў мінскім “Дынама”. Можа, хто-небудзь з іх і не дацягваў бы да ўзроўню КХЛ. Але трэба было даць хлопцам гуляць. Яны ж маладыя, значыць хутка прагрэсуюць! Трэба было ахвяраваць адным сезонам (“Дынама” ж у КХЛ ужо не першы год!), але нагуляць для зборнай звязкі, звёны. Ужо зараз хлопцы загулялі б! І нічога страшнага, што не трапілі б які-небудзь год у плэй-оф КХЛ: я, вядома, разумею, што трэнеры “Дынама” баяцца атрымаць па шапцы, але гэта ўсё можна было б патлумачыць!
А так у Беларусі, натуральна, ёсць праблема з тым, каб нават таленавітым гульцам з Моладзевай хакейнай лігі, з Адкрытага чэмпіянату краіны трапіць у каманду КХЛ, пераадолець разрыў ва ўзроўнях. Я, напрыклад, у “Нафтахіміку” даю пагуляць маладым. І яны няблага гуляюць! І калі трапляюць у склад каманды на матчы КХЛ — адразу разумеюць, што ім яшчэ працаваць і працаваць. І паскараюцца ў развіцці. У Беларусі яшчэ пры Навумаве спрактыкаваны трэнер Уладзімір Сафонаў рыхтаваў праект хакейных інтэрнатаў. Нешта накшталт школ Алімпійскага рэзерву, у якіх разам узгадавалася мінулае пакаленне беларускіх хакеістаў. Але гэты праект чамусьці застаўся нерэалізаваным”.
Еўрарадыё: Што зробіш, грошай на ўсё не хапае…
Уладзімір Крыкуноў: “Усё ж думаю, што легіянера ў “Дынама” зашмат. Але я хачу сказаць, што нельга зараз разбураць увесь той хакейны будынак, які зараз пабудаваны ў Беларусі. Я чытаў словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што трэба скараціць фінансаванне хакея. Тут трэба дзейнічаць вельмі асцярожна, каб не развалілася хаця б тая сістэма, што ёсць. Бо што тады будзем рабіць у Лядовых палацах? Пад сховішчы аддамо, будзем мяса на лёдзе захоўваць?”
Еўрарадыё: З 2002 года, калі беларусы прарваліся ў паўфінал Алімпійскіх гульняў, вынікі нашай зборнай толькі пагаршаюцца. Можа, хакей — гэта ўсё ж спорт не для беларусаў, а нам варта ўзяць замест клюшак швабры і пачаць усім народам гуляць у кёрлінг?
Уладзімір Крыкуноў: “Не трэба нам ніякага кёрлінгу. У 2002 годзе зборная Беларусі адсоткаў на 70 складалася з гадаванцаў беларускіх спартовых школ. Інакш кажучы, з тутэйшых. Так што ў хакей мы гуляць можам і ўмеем. Ды і зараз, па вялікім рахунку, не так ужо і праваліліся: прапіску ў мацнейшым дывізіёне захавалі, і то добра”.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, у такой сітуацыі, у якой зараз знаходзіцца Эдуард Занкавец, — ці варта яму трымацца за зборную? Можа, час узяць на сябе адказнасць за не лепшыя вынікі і сысці з пасады галоўнага трэнера? Ці ўсё ж такі Беларусь мусіць даць яму хаця б яшчэ адзін год на тое, каб дарабіць працу, якую ён пачаў?
Уладзімір Крыкуноў: “Тут можна і так, і так вырашыць. Можна даць Эдзіку і яшчэ папрацаваць год. Але мне, калі шчыра, не спадабалася, як ён працаваў. Гэта мой выхаванец, ён у мяне пачынаў гуляць. І, памятаю, на Алімпіяду [ў Солт-Лэйк-Сіці. — Заўв. Еўрарадыё], калі спатрэбілася, ён на заключны этап прыляцеў з Хабараўска. 20 гадзінаў дабіраўся, а на наступны дзень, як прыляцеў, ужо выйшаў на лёд. Але няхай ён не крыўдуе — ён [сёлета на чэмпіянаце свету. — Заўв. Еўрарадыё] проста стаяў. А з камандай трэба працаваць. Можа, яго пакінуць другім трэнерам, і знайсці каго-небудзь, хто будзе працаваць. Каб ён быў побач і глядзеў, як гэта робіцца.
На месцы беларусаў, я б яшчэ пашукаў трэнера ў краіне. Разумею, што Міхаіла Захарава не вельмі ў вас любяць. Але паглядзіце, колькі ўжо разоў ён прыводзіць “Юнацтва” да чэмпіёнства? Гэта ж не проста так! І на лаўцы ён працуе, як след. Той жа Сафонаў — адмыслоўца, які мог бы ўзначаліць зборную. Я ўпэўнены, аўтарытэтнага спецыяліста для беларускай зборнай можна знайсці ў Беларусі”.
Фота: Goals.by.