Латышы вызначаюць статус рускай мовы на рэферэндуме

18 лютага ў Латвіі на рэферэндуме грамадзяне выражаюць сваё меркаванне наконт зменаў у канстытуцыю, якія прапануюць надаць рускай мове статус другой дзяржаўнай. Шансы на тое, што змены продуць — фантастычна малыя. Дзеля гэтага за іх павінна прагаласаваць як мінімум палова ўсіх выбарцаў (гэта каля 771 тысячы грамадзян). Тым часам руская мова з'яўляецца родная прыблізна для 40% жыхароў краіны. Але каля траціны з іх не маюць латвійскага грамадзянства, а таму ўдзел у выбарах прымаць не могуць.

Прэзідэнт Латвіі Андрыс Берзіньш называе сітуацыю “цалкам абсурднай”. Сам ён прагаласуе “супраць” рускай мовы ў латвійскай амбасадзе ў Варшаве, дзе знаходзіцца з візітам. Прэм'ер-міністр Латвіі Валдзіс Дамброўскіс напярэдадні рэферэндума заявіў, што абсалютная большасць грамадзян прагаласуе “супраць” рускай як другой дзяржаўнай.

Прэзідэнт Берзіньш прагаласаваў "супраць" двухмоўя, і заклікаў іншых зрабіць так сама

Дарэчы, сітуацыю вакол рэферэндуму ён назваў “самай вялікай палітычнай няўдачай года”, бо гэта, на яго думку, не спрыяе згуртаванасці грамадства. Шмат палітыкаў прызналі, што рэферэндум — паказнік непаспяховасці палітыкі інтэграцыі грамадства. Былы міністр інтэграцыі грамадства Оскар Кастэнс паскардзіўся на правал медыя-палітыкі і сказаў нават, што жыхары ўсходняй часткі краіны глядзяць Аляксандра Лукашэнку па беларускіх каналах і не ведаюць прозвішча прэзідэнта Латвіі.

Напярэдадні рэферэндума шмат хто з палітыкаў і грамадскіх дзеячоў Латвіі, якія выступаюць супраць рускай мовы, прыводзілі ў якасці негатыўнага прыкладу Беларусь, дзе руская мова пасля набыцця статуса афіцыйнай задушыла беларускую.

Напрыклад, Старшыня камісіі Саэймы па пытаннях адукацыі, культуры і навукі Іна Друвіэтэ заявіла: “Пасля надання ў Беларусі роўнага статуса рускай мове ў 1995 годзе, адбыўся вельмі рэзкі заняпад беларускай мовы. Гэта паказвае, што такое суіснаванне можа быць толькі гіпатэтычным. Выйграе мова з большай эканамічнай каштоўнасцю, з большай колькасцю носьбітаў не толькі ў самой краіне, але ў рэгіёне. Так у вельмі няроўную сітуацыю можа патрапіць латышская мова”.

“Ці хочам мы стаць Латрусіяй?” (Vai gribam kļūt “Latkrievija?”) — пад такім загалоўкам з гульнёй словаў папулярная газета Diena размясціла  артыкул чыноўніка Цэнтра дзяржаўнай мовы Антонса Курсіціса. Справа ў тым, што Расія па-латышску — Krievija, Беларусь — Baltkrievija.

Усе партыі парламента (Саэймы), якія складаюць кіруючую кааліцыю, заклікалі латвійцаў прыйсці на ўчасткі і падтрымаць латышскую мову. Апазіцыйная партыя “Цэнтр згоды”, за якую пераважна аддалі галасы рускамоўныя грамадзяне Латвіі, заклікала прагаласаваць “згодна са сваім сумленнем”. Чакаецца, што яўка на рэферэндуме будзе вельмі высокай.

Убаку ад моўнай праблемы не засталіся нават царкоўныя дзеячы. Арцыбіскуп Латвійскай евангелісцка-лютэранскай царквы Яніс Ванагс і кардынал Латвійскай рымска-каталіцкай царквы Яніс Пуятс заклікалі прагаласаваць супраць другой дзяржаўнай мовы. Пратаірэй Латвійскай праваслаўнай царквы ад наўпроставага адказу аб падтрымцы пэўнага варыянту ўхіліўся.

Нагадаем, дарогу рэферэндуму адчыніў паспяховы збор подпісаў у падтрымку праекта канстытуцыі, які праводзіўся ў лістападзе 2011 года. Тады ініцыятары зменаў “за” праект канстытуцыі сабралі 183 тысячы подпісаў выбаршчыкаў пры неабходных 154 тысячах (10% выбаршчыкаў). Паколькі парламент адхіліў праект Канстытуцыі, гэтае пытанне вынеслі на ўсеагульны рэферэндум.

Фота: topwar.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі