Леніны будуць слухаць баян і флейты

Музей беларускага скульптара Заіра Азгура, у якім галоўнымі гледачамі нязменна з’яўляюцца бюсты савецкіх лідараў, працягвае ладзіць эксперыментальныя канцэрты. У снежні там чакаецца 4 гадзіны жывога гуку пад называй “фестываль “ТрыКо”.

Выступаць будуць тры беларускія гурты, праўда, з небеларускімі назвамі: Yegor Zabelov Trio, Five-Storey Ensemble, Mouches a l'orange.

“Кожны гурт малюе сваімі фарбамі, — распавядае пра праграму арганізатар і музыка Сяргей Доўгушаў. — Новы праект Ягора Забелава цікава пачуць, бо “Гурзуф” усе ведаюць, а вось што Ягор цяпер робіць, напэўна, яшчэ не чулі. Другі гурт Five-Storey Ensemble, у якім і я граю, — гэта сінтэз розных стылёвых напрамкаў: нешта ад акадэмічнай музыкі, сярэднявечча, мінімалізм, нават джазавыя рытмы там ёсць. А Mouches a l'orange — маладая каманда з Салігорску. Хоць у іх ёсць і клавішы, і ўстаноўкі, і бас-гітара, але музыка больш электрычная, такая, медытатыўная, эмбіант”.

Арганізатары проціпастаўляюць свой фэст тым, якія цяпер ладзяцца ў Беларусі, дзе акцэнт на “танцах і скоках”. Увага фэсту “ТрыКо” — на людзей, якія любяць музыку слухаць. 

“Будзе разумная інтэлектуальная музыка. Складаная музыка, — засцерагае дырэктар музея Аксана Багданава. — Сказаць, што будзе толькі адпачынак і забава — ні ў якім разе. Пэўную працу слухачу ўсё ж прыйдзецца зрабіць.”

Фэст пройдзе 12 снежня і разлічаны толькі на 100 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі