Мінэканомікі: Тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне кітайцаў — некарэктнае!
Тым не менш, па такім плане гатовы ўказ прэзідэнта аб будаўніцтве кітайска-беларускага Індустрыяльнага парка.
Еўрарадыё паспрабавала знайсці тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне будаўніцтва кітайска-беларускага Індустрыяльнага парка. Нечакана Міністэрства эканомікі называе яго абсалютна непатрэбным дакументам.
Праект указа аб стварэнні беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку ўхваліў Саўмін і накіраваў на подпіс прэзідэнту. Еўрарадыё праверыла, якія дакументы ёсць цяпер у свабодным доступе. Праект указа яшчэ да ўхвалення “гуляў” па інтэрнэце. А больш… нічога і няма. Тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне, якое зрабілі кітайцы, не паказваюць нават жыхарам Смалявічаў, ля якіх пабудуюць парк.
“Усё, што мы зараз маем — гэта выключна гэты праект указу з дадаткамі”, — кажа Еўрарадыё актывіст “Гавары праўду” Міхась Пашкевіч. Ён дапамагае смалявіцкім жыхарам у адстойванні правоў:
“ТЭА ніхто не бачыў. Яны не паказваюць. Сцвярджаюць, што гэты дакумент засакрэчаны, і там нічога такога няма”.
Па словах Пашкевіча, адмаўляюць нават жыхарам, якія жывуць ля будучага парку.
Міхась Пашкевіч: “Яны ім сказалі проста, што мы не будзем вам гэтага паказваць, таму што засакрэчана. Але ўжо сёння да нас даходзяць чуткі, што гэты парк – абсалютная калька з тых кітайскіх індустрыяльных паркаў, якія там ёсць у Сінгапуры . Але на свае вочы сёння ніхто, я паўтаруся — ніхто гэтае абгрунтаванне акрамя Міністэрства эканомікі не бачыў!”
Тэлефаную ў Міністэрства эканомікі, бо, кажуць, што яны адзіныя, хто бачыў гэта абгрунтаванне. Але там паказаць дакумент адмаўляюцца, бо ён… “абсалютна некарэктны”.
“Ён не будзе раскрывацца, таму што гэты дакумент абсалютна некарэктны. Яго заменіць іншы… Ну, яго магло ўвогуле не быць. Для нармальнай працы дадзеных не хапіла, таму што дадзеныя шмат каштуюць”, - кажа начальнік галоўнага ўпраўлення інвестыцый Міністэрства эканомікі Кірыл
Карацееў.
Толькі тапаграфічныя працы ацэньваюцца прыкладна ў 4 мільярды рублёў, а праектныя працы — мільёны долараў. Усе гэтыя працы пачнуцца пасля падпісання ўказа.
Кірыл Карацееў: “Тое, што рабілася да гэтага — настолькі сырыя лічбы, якія толькі больш узбударажылі і больш выклікалі пытанняў… Гэты дакумент перасылаўся з аднаго міністэрства ў іншае. Хтосьці яго выдаў. Але гэтак жа сама можна было ўзяць любы праект дакумента, напісаны абсалютна бязграматна. І выдаць гэта як пазіцыю ўрада. Хаця, гэта абсалютна не так. Людзі схільныя памыляцца. Так і тут”.
Калі будзе зроблена сапраўднае тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне, яго пакажуць народу, абяцае Кірыл Карацееў. І супакойвае: “Парк для ўсіх, а не для кітайцаў”.
Сярод асноўных асцярогаў насельніцтва, што ў Смалявічы прыедзе 600 тысяч кітайцаў!
Як даведалася Еўрарадыё сёння ў Беларусі жыве больш за 1,5 тысячы кітайцаў. Гэта ажно ў 20 разоў больш, чым падчас перадапошняга перапісу насельніцтва ў 1999 годзе!