Міжнародныя шлюбы: як гэта ўдалося брэстчанкам

Аляксандра Шырына — ўрач-псіхатэрапеўт. Дыплом атрымала нядаўна, але на працу паехала за мяжу.

Распавядае Аляксандра Шырына:

"Урач у нас не можа купіць на свой заробак кватэру. Таму я паехала на працу за мяжу. Працавала афіцыйна 2 гады на некваліфікаванай працы. Там, у Ірландыі, і пазнаёмілася з мужам. Там многа з постсавецкай прасторы людзей, а ён з Латвіі. У 2005 годзе пабраліся шлюбам. Потым яшчэ на год паехалі ў Ірландыю. Нараджаць дзіця я прыехала сюды. Збіраўся і муж сюды, але вось, нешта раздумаў. Цяпер у нас гасцявы шлюб".




Аляксандра Шырына кажа, што была ў Латвіі і яе там прымалі добра. Але былі і праблемы:

"Яны не любяць нас, рускамоўных. Усіх без разбору, рускі ці не, лічаць акупантамі. Муж мяне падвучыў мове, я разумею па-латышску. Але калі быў загаварыў са мной па-латышску дома, дык я пачала па-беларуску — і  зноў агульнай мовай стала руская. Усе былі шчаслівыя".

Муж прыязджае раз на два гады. Акрамя таго, што пабачылі свету разам, былі і культуровыя прыгоды. Працягвае спадарыня Шырына:

"Калі мне ў латышскім пасольстве выраблялі візу, дык супрацоўнік з мужам гаварыў па-латышску, а са мной па-беларуску. Гэта ну вельмі ўразіла майго сужэнца. А мне прыемна было".


Сямейная пара Вігандаў спраўджвае назіранне: шчаслівыя сужэнцы вонкава падобныя адзін на аднаго. Аляксандр Віганд родам з-пад Золінгена, гэта зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія, у Нямеччыне. Ён шмат гадоў збірае і возіць у Беларусь гуманітарную дапамогу.

Аляксандр Віганд: "Краіна гэтая мае цудоўныя краявіды. І менталітэт у людзей мяккі. Таму і ўзяў жонку адсюль. Пазнаёміліся мы шэсць гадоў таму назад. Я вёз “гуманітарку” ў Бабруйск. Вячэраў з сябрам у летнім рэстаране тут, у Брэсце. За суседнім столікам были дзве дамы. Дык адна і спытала: “А што, немцы ўсе так гучна гавораць?” Так и пазнаёміліся. Потым яна мне часта дапамагала ў перакладзе".


 Нямецка-беларуская сям’я Аляксандр і Людміла Віганд з дзецьмі на пабыўцы ў Брэсце


На гэтым мінібусе Віганд возіць “гуманітарку” нават у Афрыку. Кажа, там усё лягчэй, чым у Беларусі.

У сям’і растуць сынок і дачушка. У Нямеччыне Марыя Элізабет ходзіць у садок, Луіс пакуль дома. Гаворыць Людміла Віганд:

"Дзеці гавораць у сям’і па-нямецку і па-руску. Мовы для іх наогул не праблема. Характарам абое ўдаліся ў Алекса (смяецца). Ён жа напалову іспанец, напалову немец".

Алекс: "Так, мая маці з Андалузіі".

Людміла:
"Я прыстасоўваюся да краіны, дзе жыву, да яе традыцый. З нямецкай мовай няма праблемаў. Паколькі жывем збольшага ў Нямеччыне, то і традыцыі іхнія. Заўважна, што там адасабляюцца “рускія немцы”, перасяленцы з Расіі, і туркі, кантактуюць пераважна самі з сабой. Ездзяць па бабцях, цётухнах, дзядзьках і жывуць адасоблена". 

Алена Саевіч пазнаёмілася з сваім рускім мужам на працы:

"У нас польска-украінскія карані. Я па-польску добра разумею, бо бабця была полькай і гаварыла па-польску. Таму ў нас святкуюць і польскія, і беларускія, і рускія святы. На стале на Каляды альбо на Новы год і рускія, і польскія, і беларускія стравы. Каб нікога не пакрыўдзіць".

Алена бывае ў касцёле, але разам яны збольшага ходзяць у праваслаўную царкву. Каляды ёй падабаецца святкаваць больш, чым Новы год. Галоўная змена адбудзецца ў новым пакаленні, лічыць Алена Саевіч:

"Наш сын дык ужо беларус. Бо Беларусь вельмі вырасла, ужо у міжнародным маштабе  нешта значыць. Гэта раней у нас Расія была найгалоўнай. А цяпер, як хто там ні лічыць, Беларусь!".







Фота — bymedia.net і аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі