Паміж літоўскай і беларускай АЭС будзе ўсяго каля 100 кіламетраў

120312 Martin AES.mp3

Літва плануе запусціць новую Вісагінскую АЭС у 2020 годзе. Пры гэтым літоўскі бок супраць будаўніцтва Астравецкай станцыі ў Беларусі. А Беларусь у адказ – супраць літоўскай АЭС.

“Мы супраць таго, каб Вісагінская АЭС была за 2,3 кіламетры ад мяжы з Беларуссю. Мы патрабавалі ад Літвы правесці ацэнку ўздзеяння на возера Дрысвяты да ўзвядзення там старой Ігналінскай АЭС. Каб там не будавалі новую АЭС, то возера б узнавілася”, - кажа начальнік Упраўлення экалагічнай экспертызы Мінпрыроды Аляксандр Андрэеў.

Паміж будучымі Астравецкай і Вісаглінскай АЭС будзе ўсяго каля 100 кіламетраў.

“Пры ацэнцы ўздзеяння новай АЭС на нашу тэрыторыю не ўлічанае сумарнае забруджванне ад усіх аб’ектаў на гэтай пляцоўцы. Там яшчэ два сховішчы радыёактыўных адкідаў. Таксама вывад з эксплуатацыі старой – Ігналінскай АЭС. Усё гэта будзе уплываць на нас. Кожны аб’ект паасобку – усё добра. А што будзе ў суме!?” - кажа Аляксандр Андрэеў.

Нядаўна літоўцы абралі тып рэактара для сваёй станцыі - кіпячы рэактар ад Hitashi. Беларусь жа незадаволеная, такі рэактар ужо быў на Фукусіме, а пляцоўка пад АЭС… мае разломы.

Аляксандр Андрэеў: “Мы накіравалі Літве просьбу, каб нам далі матэрыялы па даследаванні тэрыторыі пад АЭС, бо там ёсць тэктанічныя разломы. Мы гэта высветлілі, калі даследавалі пляцоўку пад Астравецкую АЭС. Таксама цяпер Літва абрала рэактар для АЭС. Мы бачылі ўжо гэты рэактар на Фукусіме. Мы хацелі б бачыць, якія меры бяспекі будуць ужытыя”.

Але і пляцоўка пад Астравецкую станцыю мае тэктанічныя хібы. У 1908 годзе недалёка ад гэтага месца быў землятрус у 7 балаў!

Кансультацыі па Вісагінскай АЭС з Беларуссю праводзіліся ў 2008 годзе. Тады беларусаў усё задавальняла, наракаюць літоўцы.

“Яны задаюць пытанні па станцыі, бо мы пытаемся пра Астравецкую пляцоўку і мы незадаволеныя якасцю адказаў”, - гаворыць прадстаўнік Міністэрства аховы наваколля Літвы Віталіус Аўгліс.

І дадае, што мусяць быць яшчэ грамадскія слуханні і кансультацыі наконт будаўніцтва беларускай АЭС, бо на большасць пытанняў Беларусь не адказала.

Беларусь накіравала ў Літву ліст з пытаннямі па літоўскай АЭС сёлета ў лютым. І таксама не атрымала адказу.

На думку расійскага эколага Андрэя Ажароўскага, Беларусь згубіла момант, калі на будаўніцтва АЭС у Літве яшчэ можна было ўплываць.

Андрэй Ажароўскі: “Літва завяршыла кансультацыі яшчэ 4 гады таму. І беларускія афіцыйныя асобы гэта праспалі. Грамадскія арганізацыі з Беларусі удзельнічалі ў гэтых слуханнях, казалі, што гэта небяспечна. Іх не паслухалі. А яны, з разліку таго, што Літва пагодзіцца з праектам Астравецкай АЭС, нічога не зрабілі. А цяпер - позна”.


Сёння 12 сакавіка актывісты літоўскага экалагічнага руху Atgaja пікетуюць пасольствы Японіі, Францыі і Беларусі. Яны патрабуюць спыніць будаўніцтва АЭС у Беларусі, Літве і Калінінградскай вобласці.

Фота: 4.bp.blogspot.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі