Сурапін размаўляў са шведамі. Але — пасля публікацыі фотак з мядзведзікамі

Магчыма, менавіта гэтыя бяскрыўдныя паведамленні і сталі прычынай цікавасці да хлопца з боку беларускіх спецслужбаў.

“Тэрмінова! Тэрмінова! ТЭРМІНОВА! Трэба знайсці курсы ангельскай мовы. Год таму з італьянцамі цудоўна размаўляў. Сёння шведаў ледзь разумею:'(”, — пісаў Антон Сурапін “вКонтакте” ўвечары 5 ліпеня, праз дзень пасля публікацыі фота з мядзведзікамі на сваім сайце.

А парай гадзін раней, у 14:12, там жа фатограф парадаваўся за вялікую цікавасць да ягонага сайта, якую выклікала публікацыя фота ад нейкага “ананіма”: “Вось здымаеш матэрыялы кожны дзень — некалькі сотняў людзей паглядзіць. А даслаў учора нейкі ананім 6 фотак, дык некалькі тысяч наведвальнікаў”. У каментах да гэтага допісу журналіст распавядае, што шведы прасілі яго расказаць нейкія падрабязнасці: “Шведы прасілі падрабязнасцяў, толькі якіх, я не ведаю”. Можна меркаваць, што замежнікі самі знайшлі Сурапіна, каб атрымаць ад яго нейкую інфармацыю.

"Шведы сапраўды выходзілі з ім на кантакт. Але не тыя, якія лёталі над Беларуссю. Гэта былі шведскія журналісты, якія цікавіліся дэталямі перфомансу. Андрэй адказаў ім, што падрабязнасцяў не ведае, а здымкі атрымаў з фэйкавай паштовай скрыні", — распавядае Еўрарадыё сябра Антона Сурапіна.

Распавядаючы пра гэтую перапіску, знаёмыя Антона Сурапіна просяць выдаляць іх паведамленні і не раскрываць імёнаў.

"Фоткамі цікавіліся журналісты аднаго са шведскіх выданняў, якое абвінавацілі ў ілжывай інфармацыі наконт "дэсанту". І яны шукалі сведкаў тут, на Беларусі. Маўляў, вось сведкі, вось мядзведзікі, вось доказы, што мы не хлусілі", — дадае сяброўка фатографа.

Нагадаем, што журналіста Антона Сурапіна затрымалі ў пятніцу 13 ліпеня, больш як праз тыдзень пасля акцыі шведаў. Ён быў адным з першых, хто апублікаваў фота з “мядзведзікамі-дэсантнікамі”. Перад затрыманнем дома ў Сурапіна супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. У панядзелак 16 ліпеня стала вядома, што журналіста падазраюць у саўдзеле ў незаконным перасячэнні мяжы. Тэрмін яго затрымання быў падоўжаны да 10 дзён. Сябры заўважылі, што падчас знаходжання журналіста пад вартай яго акаунт "вКонтакте" некалькі разоў быў актыўны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі