Пісьменнікі завяршылі вандроўку "Крокамі Адама Міцкевіча"

У вандроўцы бралі ўдзел з беларускага боку Алесь Разанаў, Святлана Алексіевіч, Марыйка Мартысевіч, Ірына Багдановіч і Аксана Спрынчан, са шведскага — Анэлі Юрдал, Ліна Экдаль, Сара Лундберг, Кайса Ліндстэн.

Пісьменнікі сустракаліся з чытачамі, у тым ліку ў вёсцы Сялец, дзе нарадзіўся Алесь Разанаў, і ў Бярозе. У сялецкай сустрэчы браў удзел і амбасадар Каралеўства Швецыі Стэфан Эрыксан. У Брэсце ажыятаж выклікала Святлана Алекісевіч. Прыйшлі дзясяткі чытачоў, якія жадалі падпісаць яе старыя і новыя кнігі. 

Вандроўка сімвалічна скончылася 21 траўня ў Кракаве, дзе на Вавелі знайшоў спачын Адам Міцкевіч. Кіраўнік літаратурных праектаў Шведскага інстытута Дэніэль Густафсан Пэк павітаў удзельнікаў вандроўкі, адзначыўшы, што гэта — толькі пралёт літаратурнага маста, які аб'ядноўвае Швецыю, Беларусь і Польшчу. 

Кайса Ёбург-Ліндстэн, перакладчыца дастаеўскага, Платонава і Алексіевіч на шведскую, падсумавала ўражанні ад Беларусі: "Гэта прыўкрасная краіна, але людзі сціснутыя страхам". 

Алесь Разанаў падсумаваў: "У беларусаў не савецкі менталітэт, а чалавечы. Толькі маштабы ў нас меншыя, чым у палякаў і шведаў. З'яўленне амбасадара Стэфана Эрыксана ў маёй роднай вёсцы было такім цудам". 

Прадзюсарка праекта, вядомая шведская фотамастачка і грамадская дзяячка Марыя Сёдэрберг зазначыла, што шведска-беларускія вандроўкі і сумесныя праекты будуць развівацца пры любых акалічнасцях і будуць скіраваныя на пранікненне высокай і цікавай літаратуры да ўсіх чытачоў незалежна ад таго, жывуць яны ў сталіцы ці ў аддаленай вёсачцы.

На здымках: Марыйка Мартысевіч падчас сутрэчы ў Бярозе (здымак Анкі Упалы), плакат аб сустрэчы з пісьменнікамі ў Кракаве. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі