Прадпрыемствы плацяць за газ у 2 разы больш, чым краіна!
І ажно ў 3 разы больш, чым насельніцтва.
“Белпалгаз” атрымлівае па 173 долары з кожнай тысячы кубаметраў, прададзеных на ўнутраным рынку.
Як даведалася Еўрарадыё, прадпрыемствы купляюць газ па 338 долараў за тысячу кубоў, у той час, калі Беларусь купляе паліва ў Расіі ўсяго па 165 долараў.
Цікава, што ў пастанове Мінэканомікі ад 28 лютага 2011 года пазначана іншая цана на газ для юрыдычных асобаў — 275 долараў. Чаму рэальная цана на 60 долараў вышэйшая?
“Цана 275,87 долараў, што ў пастанове — гэта цана без ПДВ і без “цеплыні згарання”. Калі да гэтай цаны дадаць ПДВ — атрымліваем 331 долар, калі дадаць максімальную цеплыню згарання, то і атрымліваем 338... А ўвогуле вашая праўда, ў пастанове прапісана 275,87. Але пры разліках са спажыўцамі мы ім разліковую цану кажам тую, якую я вам прадыктавала”, — тлумачыць Еўрарадыё бухгалтарка Мінгазу.
Цеплыня згарання — тое ж самае, што якасць газу. Атрымліваецца такая нацэнка за якасць! Чым больш якасны газ, тым ён даражэйшы.
Насельніцтва за кубаметр газу сёння плаціць 933 рублі (117 долараў за тысячу кубаметраў — Еўрарадыё). На 48 долараў менш, чым краіна. І ажно на 220 долараў менш, чым прадпрыемствы.
“Грамадзяне не аплачваюць спажыты газ цалкам, запазычанасці пагашаюцца за кошт перакрыжаванага субсідавання. Пакуль не будзе прынцыповых зменаў у аплаце энергарэсурсаў насельніцтвам, прадпрыемствы будуць вымушаныя несці дадатковы цяжар выдаткаў”, — цытуе эканамічную аглядальніцу Таццяну Манёнак Белпартызан .
Паводле інфармацыі “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі” насельніцтва аплачвае газ ў летні перыяд на 50,4%, а ў зімовы — усяго толькі... на 16,6%.
З 2012 года "Газпрам" знізіў цану на газ для Беларусі. Цяпер Расія прадае блакітнае паліва па 165 долараў за тысячу кубоў. Плюс нацэнка "Газпрама" ў 15 долараў да цаны імпарту, якая прадугледжана аж да 2034 года.
А фактычна па цане 165 долараў за тысячу кубаметраў “Газпром” прадае сам сабе! З 25 лістапада мінулага года беларуская кампанія ўжо цалкам належыць “Газпраму”.
Беларусь марыла атрымаць аднолькавыя цэны з унутрырасійскімі. І хоць роўнай са Смаленскам (каля 100 долараў) цаны мы не атрымалі, афіцыйны Мінск выгандляваў максімум, што было магчымым. Летась расійскі газ каштаваў Беларусі 265 долараў за тысячу кубоў. За 100-доларавую ж зніжку вымушаныя “аддзімацца” прадпрыемствы…