Вакаліст Re1ikt: "Канцэрт — гэта падарожжа. Я не ведаю, што будзе далей"
Вяртанне Вовы Казлова ў гурт пачалося з акустычнай праграмы, пад якую людзі ляталі па туманнасцях і галактыках з заплюшчанымі вачыма.
На мінулым тыдні Еўрарадыё ўжо распавяло вам гісторыю пра “старога-новага вакаліста Re1ikt”. Ну і грэх было не схадзіць на першы пасля ўз’яднання гурта выступ — у "Графіці". На такіх канцэртах, звычайна, столькі пачуццяў, надзеяў і натхнення!
Re1ikt абяцаў старую праграму “без замутаў”. Прыкладна так і было. А вакаліст, вярнуўшыся, быццам і не адсутнічаў увесь гэты час і упэўнена спяваў усе песні.
Аўдыторыя ацаніла:
“Я лічу, што ўсё ж такі вакаліст — гэта твар гурта, людзі больш за астатняе прызвычайваюцца менавіта да голасу. І змена вакаліста — гэта не варта таго. Таму, вельмі файна, што Уладзімір вярнуўся”, — расказала наведвальніца канцэрта Ганна.
Відаць было, што музыкі таксама задаволеныя сваім уз’яднаннем — шмат размаўлялі і жартавалі паміж сабой падчас канцэрту. Але на мікрофан Еўрарадыё “блудны” вакаліст не стаў запэўніваць, што ўсё гэта — назаўсёды:
“Канцэрт — гэта падарожжа, — сказаў Уладзімір Казлоў. — Я не ведаю, што будзе далей. Кожны з нас у гурце мае права адлучыцца. Гэта не так, што трэба граць, у цябе ёсць план, ты мусіш збіраць стадыёны і пісаць па альбоме ў год. Не, наш гурт — гэта перш за ўсё свабода. Я не ведаю, як я сябе павяду праз некалькі тыдняў”.
Тым не менш, такая невядомасць не перашкодзіла Уладзіміру даць адказнае абяцанне:
“З кожным новым альбомам Re1ikt будзе больш упэўнены, моцны, ёмісты і аб’ёмны”.
Пакуль жа публіцы далі магчымасць паслухаць не такі ячшэ стары альбом “Рэкі прабілі лёд” — гэта тая эксперыментальная беларускамоўная праграма, якую гурт называе “моцным усплёскам энергетыкі”. Песні адтуль загучалі ў акустычнай аранжыроўцы, яшчэ ніколі не чутай у Беларусі.
“Яны вельмі па-іншаму граюць цяпер, раней яны гралі цішэй, без такога вялікага набору гітар, а цяпер у іх усё здорава, адыграна, чотка”, — падзялілася ўражаннямі ад канцэрту дзяўчына Катажына.
Ці прывядуць гэтыя змены да таго, што Re1ikt нарэшце, пасля 7 год існавання, загучыць у Беларусі і па-за яе межамі гучным акордам?
Калегі-музыкі далі добры прагноз: “Гурт цікавы, гэта не зацёрты індзі-рок, якога у нас еш чым хочаш. Хлопцы капаюць сваю жылу, з іх можа атрымацца нешта добрае” – сказаў Еўрарадыё “чалавек-аркестр” Цімур Рэйзіс. Праўда, дадаў, што 7 год для гурта не паказальнік. Магчыма, прыйдзецца пачакаць да 20-ці.
Больш фота з канцэрту ў Фэйсбуку Еўрарадыё.