Саксафаніст Apple Tea падзяліў свае партыі з саксафаністкай Шэйлай Купер
А яна ў сваю чаргу параўнала беларускую публіку з аўстрыйскай.
Дзякуючы праекту “Джазавы мост” Мінск аблюбавалі замежныя выканаўцы. Гэтым разам з нязменнымі Apple Tea выступіла канадска-аўстрыйская спявачка і саксафаністка Шэйла Купер. Праграма канцэрта ў асноўным складалася з аўтарскіх песень Шэйлы. Праўда, публіка хоць і адзначала сольныя партыі музыкаў шчырымі апладысментамі, падаецца, аўтарскую музыку Шэйлы не надта разумела.
“Так, я адчувала некаторую фізічную дыстанцыю паміж мной і публікай, - тлумачыць Шэйла. - Таму мне было цяжка адчуваць, як аўдыторыя рэагуе на музыку. Але на маёй памяці шмат канцэртаў, калі публіка падчас выступу была занадта сур’ёзнай і напружанай, а пасля канцэрту людзі падыходзілі і казалі: “О, мы выдатна бавілі час, дзякуй!” Таму зараз я не звяртаю на гэта увагу, бо гэта зусім не азначае, што людзі так сябе адчуваюць”.
Некалькі гадоў таму лёс “перакінуў” Шэйлу Купер з далёкага амерыканскага кантыненту ў еўрапейскую Вену. Можа быць, выступы на еўрапейскі пляцоўках сыгралі сваю ролю – Шэйла не чакала ад беларускіх гастроляў энергетыкі Новага Арлеану і параўнала мінскую публіку з гледачамі аўстрыйскай сталіцы.
Шейла Купер: “У Вене публіка таксама вельмі кансерватыўная. Але пасля канцэрту, на так званых афтэпаці, яны абсалютна разняволеныя і гатовыя скакаць. Мне падалося, што беларускія гледачы паводзяць сябе прыкладна так жа. Але пасля ўсяго аднаго канцэрту мне цяжка пра гэта гаварыць”.
А слухачам, аказваецца, у той дзень і час, проста хацелася звычайнага джазу.
“Прыемны канцэрт, прыемная абстаноўка, - дзеліцца ўражаннямі ад імпрэзы музыказнаўца Вераніка. - Але гэты канцэрт менавіта для ўмоваў начнога клуба, бара. Лічу, што аўдыторыі на такім выступе ў вялікай канцэртнай зале было б крыху сумнавата. Што тычыцца аўтарскай музыкі на канцэрце – сёння хацелася паменш аўтарства, пабольш джазу і “стандартаў”. Але Шэйла вырашыла паказаць нам сябе не толькі як таленавітую выканаўцу, але і як таленавітага кампазітара і паэта. Што ж, мы гэта адзначылі!”
Галоўная інтрыга канцэрту пратрымалася да канца імпрэзы. Дарма некаторыя гледачы “чакалі”, што “камандны” саксафаніст Apple Tea Ігар Люты застанецца на час выступу без працы. І Ігар, і Шэйла вельмі арганічна выглядалі разам на сцэне. І па-свойму “падзяліліся” сольнымі партыямі: як сапраўдны джэнтэльмэн Люты аддаў замежнай госці большасць з іх. І адзначыў: ніякіх гендэрных непаразуменняў тут быць не павінна!
“Я лічу, што жанчына павінна граць на саксафоне. У жанчын гэта атрымліваецца больш пяшчотна і больш мякка, прыгожа. Існуюць жа побач жаночы і мужчынскі вакалы? Так і ігра на саксафоне! Я лічу, што ў Шэйлы пры ўсёй яе прывабнасці і жаноцкасці ёсць мужчынскае веданне інструмента. З ёю было вельмі камфортна выступаць".
Наступны канцэрт у межах праекту “Джазавы мост” адбудзецца 26-га траўня – намінант прэміі “Грэмі” Грэгары Потэр прэзентуе у Мінску свой новы альбом “Be good”.