“Здаваць па такім курсе можам, але гэта мала"
У чэргах ля абменнікаў мінчукі скардзяцца на новы курс долара: ён вялікі і малы адначасова!
“У нас толькі беларускія рублі”, - цвердзіць касірка ў абменніку BelSwissBank.
Ля абменніку у бліжэйшым пераходзе топчуцца мянялы. Звычайных пакупнікоў няма, як і валюты. На новы курс валютчыкі рэагуюць спакойна.
“А куды падзенешся, я гандлюю”, - гаворыць адзін з мянялаў. Пры гэтым яго камунікабельнасць раздражняе валютчыка-суседа.
Валютчык: “Не стойце там, не распалохвайце людзей”.
У краме “Цэнтральны” ўтвараецца чарга з трох чалавек. Курс у абменніку Беларусбанка на 11 гадзін дня яшчэ не змяніўся. Але хлопец, што стаіць першым у чарзе, гатовы набываць валюту і па новай цане: збіраецца ехаць у падарожжа ў Румынію.
У чарзе стаіць усю ноч. Калі крама зачыняецца, даводзіцца чакаць на вуліцы. Праўда, набыць валюту пакуль – ніяк не магчыма.
Хлопец: “Шмат, вядома. Але што зробіш? Беларускі рубель паступова памірае”.
А вось юнак за ім не вельмі рады новаму курсу. Ён таксама студэнт, у падарожжа не збіраецца, але грошы хоча трымаць у доларах.
“У мяне ёсць беларускія рублі, мне іх трэба трымаць у доларах ці ў іншай валюце”.
Малады чалавек чакае на валюту ўжо тры дні. За гэты час яму ўдалося набыць 10 000 расійскіх рублёў.
На чыгуначным вакзале вялікія чэргі ў абменніках. У адным з іх на 12 гадзіну курс ужо змянілі - там чаргі няма. Поруч са звычайнымі пакупнікамі шмат мянялаў: адсочваюць людзей, якія здаюць валюту. Многія сядзяць ля абменніка на табурэтках. Людзі разгубленыя.
“У мяне няма столькі грошай, каб набываць па чатыры. Я разлічваю не больш чым на 3100, на 3200. Я гэтыя грошы сабрала з дапамогай сына, вяртаю крэдыт з адсоткамі. Гэта ўсё вельмі дрэнна”, -кажа трэцяя ў чарзе жанчына.
Каб набыць валюту, пенсіянерка стаіць у чарзе па запісе з панядзелка. Сёння яна начавала ля абменніка. Пакуль набыць долары ёй не ўдалося.
“Пачаў мяняцца курс валюты, таму тут такі ажыятаж. Людзі лямантуюць, не ведаюць што рабіць”.
Жанчына распавядае, што ля абменнікаў большасць – гэта мянялы, якія зарабляюць на гэтым. Для іх набыць валюту прасцей, чым для іншых.
Перад ёй валюты чакае прадпрымальніца сярэдняга ўзросту. Жанчына скардзіцца на падаражанне долара, але ўсё адно стаіць у чарзе. За чатыры дні ў яе атрымалася набыць толькі 5,5 тысяч расійскіх рублёў.
Прадпрымальніца: “Нават калі б я не была прадпрымальнікам. Усё ў краіне завязанае на валюце. Тыя ж самыя рэпетытары, напрыклад”.
На вуліцах людзі зачытваюць па тэлефоне новыя курсы сябрам ды знаёмым. Таму, каб даведацца, колькі каштуе валюта, дастаткова проста выйсці на вуліцу.
Бліжэй да гадзіны курс змяніўся і ў абменніках Беларусбанка, але чэргі там не зменшыліся. Ахвочых здаваць валюту таксама не бачна. Адзін з маладзёнаў цікавіцца новым курсам, потым перадумвае здаваць валюту.
Хлопец: “Здаваць можна, але гэта мала. Паўсюль долар каштуе 5000, 5500. Мянялы прадаюць па 4500 па 5000. Няма сэнсу здаваць за чатыры тысячы”.
Дарэчы, за паўтары гадзіны карэспандэнт Еўрарадыё абышоў каля 8 абменнікаў і ўбачыў толькі тры выпадкі, калі людзі здавалі валюту.