Што прыгатаваць на Новы год, каб здзівіць гасцей — парады повара
Шэф-повар рэстарана беларускай кухні дае майстар-клас па навагоднім стале, вучыць адыходзіць ад стэрэатыпных катлет і варыць Крамбамбулю.
121227_savich_stravy.mp3
Што прыгатаваць пад Новы год, калі няма часу? Шэф-повар аднаго з рэстаранаў беларускай кухні “Талака” Андрэй Мазураў спецыяльна для Еўрарадыё дзеліцца простымі і карыснымі рэцэптамі страў.
Як чалавека, які кожны дзень мае справу са стравамі і пажаданнямі кліентаў, Андрэя здзіўляе стаўленне беларусаў да ежы і імкненне да катлет і звычайных салатаў.
“Людзі неяк не думаюць, што з прадуктаў, якія можна паўсюль купіць, прыгатаваць вельмі смачныя і карысный стравы, напрыклад з дзічыны".
І з ходу шэф-повар раіць уводзіць у рацыён дзічыну.
“Яе можна купіць на рынках. На Ждановічах тых, проста трэба цікавіцца. Можна купіць качку, аленя, казулю”.
Паводле слоў повара, кошт дзічыны такі самы, як і на свініну, а часам і танней: прыкладна 70-90 тысяч за кілаграм.
Шэф-повар кажа, што, каб прыгатаваць тую ж качку, не трэба адмысловых соўсаў ці марынадаў.
“Гатуецца вельмі лёгка. Невялікую качку трэба пасмажыць на сухой гарачай патэльні, каб выйшлі лішкі тлушчу. На дно рондаля пакласці моркву, цыбулю, дадаць віна і вады, пасаліць, папярчыць. Гэтак смак качкі будзе больш чутны”.
Повар заўважае, што, натуральна, смачней есці тое, што гатуеш сам. Нават фаршмак можна прыгатаваць дома за паўгадзіны.
“Мы ж бачым, з якіх прадуктаў гатуецца! І гэта танней атрымліваецца і карысней”.
Дарэчы, дома пад Новы год шэф-повар збіраецца парадаваць родных запечанай куркай і свінінай. Дома Андрэй Мазураў гатуе па выхадных.
“Я гатую грунтоўна — першае, другое і кампот. Родныя вельмі любяць, калі я гатую. Зразумела, жонка таксама на кухні, а я — повар выхаднога дня”.
На Новы год шэф-повар Андрэй Мазураў прапануе прыгатаваць тую ж запечаную качку, салаты з марынаванай бульбай і фасоляй, запечанага карпа за 15 хвілін, закуску з дамашнім курыным паштэтам, а таксама пірог з заварным крэмам і Крамбамбулю.
Навагоднія стравы ад шэф-повара Андрэя Мазурава.
Тушаная качка
Склад: невялікая качка, морква, цыбуля, 200 грамаў чырвонага сухога віна, соль, перац.
Качку абсмажыць на сухой патэльні, каб сышлі лішкі тлушчу. На ніз рондаля пакласці моркву і цыбулю, дадаць солі і перцу, заліць віном і дадаць трошкі вады. Тушыць паўтары гадзіны.
Падаваць з любым гарнірам.
Карп за 15 хвілін
Склад: карп без костак, смятана, морква, цыбуля, часнок, соль, перац, сок лімона.
Моркву і цыбулю пасераваць, гэтую сумесь з часнаком змясціць ўсярэдзіну карпа. Пакласці карпа на бляху і намазаць смятанай. Запякаць 15 хвілін. Добры і халодны, гарачы.
Салаты
Салат “Сялянскі з лісічкамі”
Склад: Адвараная ў мундзіры бульба, белае віно, соль, перац, салёныя агуркі, сыр і яйка, смажанае мяса: курыца ці свініна, маянэз.
Фішка салаты — марынаваная бульба.
Марынад для бульбы: бульбу паліць віном, пасаліць і паперчыць. Пакінуць на адну гадзіну ў халадзільніку.
Парэзаць усе інгрэдыенты не вельмі дробна. Заправіць маянэзам, спецыямі. Можна дадаць марынаваныя грыбы. Але можна і без іх.
Салат “Фасоля з языком”
Склад:
Чорны хлеб, нарэзаны кубікамі, адвараны язык (ці любое мяса), морква, цыбуля, морква і цыбуля, кетчуп ці алей, адвараная фасоля
Моркву з цыбуляй абсмажыць з алеем. Нарэзаны язык (ці любое мяса) перамяшаць з морквай, цыбуляй і фасоляй. Заправіць кетчупам, маянэзам ці аліўкавым алеем.
Паштэт на грэнкі
Склад: курыная печань, морква (150 грамаў), цыбуля (150 грамаў), корань сельдэрэя (50 грамаў), масла, 150 грамаў сухога чырвонага віна.
Пячонку пасмажыць з алеем, дадаць нашаткаваную цыбулю і моркву, сельдэрэй. Астудзіць, дадаць рэшту масла і ўсе змалаціць ў блэндары ці мясарубцы. Паставіць у халадзільнік. Для пікантнасці дадаць абавязкова абсмажаны фундук ці грэцкі арэх.
Дэсерт “Слаёнак”
Свае ці гатовыя каржы + заварны крэм.
Для крэму: 3 жаўткі, паўлітра малака, шклянка цукру і 100 грамаў мукі, 100-200 грамаў сметанковага масла.
Крэм: жаўткі расцерці з лыжкай цукру, дадаць муку, перамяшаць. Падагрэць малако і растварыць цукар. Туды паступова тоненькім струменьчыкам увесці сумесь. Павялічыць агонь і пастаянна памешваць. Калі на паверхні з’явяцца бурбалкі — можна знімаць з агню. Міксерам перабіваем масла і дадаем яго ў малако з жаўткамі.
Каржы могуць быць любымі.
Напой “Крамбамбуля”
На 1 літр вады — 5 драбінак гваздзікі, сок 1,5-2 лімонаў, 4 лыжкі мёду і дадаць гарэлку - каля 1 літра ці болей. Даць трошкі настаяцца. Піць цёплым. Напой добры, каб сагрэцца і ад захворванняў