Стваральнікі мінскага брэнда набіраюць каманду… праз фэйсбук
Еўрарадыё зазірнула ў партфоліа кампаніі INSTID. А таксама запыталася, якімі рэсурсамі валодаюць стваральнікі брэнда Мінска.
“У Еўропе, напэўна, усе сталіцы зрабілі сабе брэнды. У Расіі нават вёскі пачынаюць ствараць сабе брэнды. Гэта вельмі неабходная ўмова для развіцця ў XXI стагоддзі”, — распавядае Еўрарадыё Наташа Гранд.
Яна з’яўляецца дырэктарам па даследаваннях брытанскай кампаніі INSTID, яе муж Аляксандр Гранд узначальвае кампанію. INSTID выйграў конкурс на стварэнне іміджу Мінска. Еўрарадыё зацікавілася, каму даверылі распрацоўваць брэнд беларускай сталіцы.
Тры гады таму арганізацыя спрабавала заняцца іміджам краіны, пасля піяршчыка лорда Бэла. Толькі тады муж і жонка Гранды мелі іншыя прозвішчы — Фядулін і Лешчанка.
Наташа Гранд: “Магу сказаць проста, што я ўзяла прозвішча ў мужа. А чаму такое прозвішча, лепш пагаварыце з Аляксандрам, калі будзе такая магчымасць. Разумеем, што ёсць цікавасць да людзей, якія будуць выконваць брэнд Мінска. Калі ласка, людзі могуць глядзець мае працы, мае публікацыі пад такім прозвішчам, а ісці далей, высвятляць гісторыю нашага сямейнага прозвішча, на мой погляд, напэўна, праекту не датычыцца”.
Еўрарадыё: А ці можна прыйсці на ваш офіс, паглядзець, як вядзецца праца?
Наташа Гранд: “Ведаеце, мы будзем адкрываць у Мінску штаб. Зараз вядзем размовы, як ён будзе арганізаваны. Але зноў жа, пытанне — навошта такое пытацца? Так, мы ў Лондане, вы патэлефанавалі па лонданскім нумары, у нас у Грынвічы офіс. Але наколькі гэта карысна для праекта, судзіць вам, калі вы лічыце, што гэта таго варта”.
Еўрарадыё: Так, але людзі цікавяцца, хто будзе займацца брэндам горада. Ці шмат, напрыклад, супрацоўнікаў зараз у офісе?
Наташа Гранд: “Разумееце, якасць праекта залежыць не ад таго, колькі людзей у офісе. У Бэла вялікі офіс, там сядзяць, здаецца, некалькі соцень чалавек. Гэта зусім не значыць, што праектам Беларусі ў свой час займаліся людзі якаснага ўзроўню. Я разумею, што людзей клапоціць гэтае пытанне. Пакуль яшчэ не з’явілася нейкай іншай інфармацыі пра праект, зразумела, хочацца нейкіх фактаў, каб ведаць, што будзе. Але я заклікаю проста праявіць крыху цярпення. Зараз вядзем перамовы, дзе і калі праводзіць першае паседжанне грамадскай рады, якое мы плануем паміж 5 і 9 верасня”.
На сайце INSTID пазначана 14 кліентаў. Сярод іх МЗС Беларусі, амбасада Беларусі ў Вялікабрытаніі, 6 кліентаў з Расіі і 2 з Амерыкі.
У размове з Наташай Гранд падыходжу бліжэй да тэмы і даведваюся, што нейкіх канкрэтных прапановаў наконт іміджу Мінска ў кампаніі пакуль не маюць. Перш за ўсё спецыялісты з INSTID збіраюцца правесці даследаванне сярод жыхароў беларускай сталіцы, якія мусяць дапамагчы вызначыць характэрныя рысы горада. Такі падыход падзяляюць не ўсе спецыялісты.
“У нас яшчэ вельмі нізкі ўзровень брэнда, візуальнай культуры ў шырокіх мас насельніцтва. Таму гэтым мусяць займацца спецыялісты. Рабіць тое, што кажа большасць, не заўсёды з’яўляецца правільным у нас. Большасць меркаванняў, я думаю, будуць ляжаць у нейкіх незразумелых палях, плоскасцях”, — кажа кіраўнік сайта marketing.by Сяргей Скараход.
На старонцы Наташы Гранд на фэйсбуку, як і на старонцы яе мужа, Еўрарадыё заўважае абвестку аб пошуку людзей з Мінска “на пазіцыі менеджара праектаў, медыя-менеджара, спецыяліста па сувязях са спонсарамі”.
Знаходжу на старонцы INSTID і імя намесніка галоўнага рэдактара “Белгазеты” Віктара Марціновіча, які з’яўляецца экспертам кампаніі ў галіне гісторыі мастацтва. У конкурс па стварэнні брэнда яго не заяўлялі, ды і даведаўся пра яго Віктар Марціновіч з інтэрнэта. А цяпер распавядае пра сваю ролю ў INSTID:
“З Наталляй Гранд, Наталляй Лешчанка, мяне звязваюць вельмі добрыя сяброўскія стасункі. Калі Наташа патэлефануе як прадстаўнік INSTID ці проста як чалавек, якога добра ведаю, я заўсёды адкажу на яе пытанні. Здаецца, у гэтай якасці я ёй і патрэбны — як чалавек, які можа дапамагчы кантактамі, парадамі, ведамі”.
Журналіст звязаўся з Наташай Гранд і выказаў пару сваіх ідэй наконт брэнда.
Віктар Марціновіч: “Мы ўсе хочам, каб Мінск квітнеў, каб прасоўваліся добрыя мастакі, літаратары. Можна пачаць з нейкай кампаніі “Мінск — гэта мы”. Узяць нейкіх знакамітых знакавых людзей, пісьменніка, музыканта, напрыклад, з Neuro Dubel. Зрабіць такія постары і развесіць у некаторых месцах Мінска”.
Нагадаем, у тэндары на стварэнне брэнда Мінска ўдзельнічала 10 заявак. Мінгарвыканкам выдзеліў на гэты праект 300 мільёнаў рублёў.