Траву на праспекце, дзе ездзіць Лукашэнка, прывозяць з-за мяжы
Мяняць яе штогод каштуе больш за 20 тысяч долараў!
На сустрэчы з прэм’ерам Мясніковічам Аляксандр Лукашэнка здзівіўся:
“Навошта з гэтай раздзяляльнай паласы кожны год вымаць грунт на паўметра, пасля на гэта самае месца завозіць новы грунт, сеюць траву, укрываць плёнкай? Навошта? Там трава самая зялёная, нідзе такой зялёнай травы я не бачыў, як на гэтым газоне. Не, трэба ўсё гэта калупаць… 10 МАЗаў стаіць, 3 пагрузчыкі з дзесяцікубовым каўшом і чорт ведае колькі тэхнікі. А гэта ж выдаткі…”
Чаму траву на праспекце, дзе ездзіць Лукашэнка, мяняюць кожны год? Гэта пытанне Еўрарадыё задала спецыялістам з Мінзеленбуду.
“А як вы думаеце – чаму?”, – пытаннем на пытанне адказвае галоўны інжынер “Зеленбуда” Цэнтральнага раёна. Да гэтага раёна адносіцца ўчастак, дзе кожны дзень праязджае кіраўнік краіны.
Як даведалася Еўрарадыё, пасадзіць газон на раздзяляльнай паласе па праспекце Пераможцаў каштуе больш за 20 тысяч долараў…
Еўрарадыё даведалася, колькі каштуе засеяць травой раздзяляльную паласу.
Зеленбуд: Скажам так – дорага. Вельмі дорага.
Еўрарадыё: Кожны такі кавалак будзе дорага засеяць?
Зеленбуд: Не, ну не кожны… Гледзячы, якая трава. Калі гэта газон-звычайны… Але тая тэрыторыя, што вас цікавіць, там зусім іншая тэхналогія – там дорага. Тут прыбіраецца стары грунт, завозіцца новы, накрываецца ўсё гэта… Там узмоцненыя пасевы, часткова, магчыма, нават угнаенні ўносяць, плюс – там гэта ўся справа ўкрываецца бондам, паліваецца.
І нават трава па праспекце Пераможцаў – таксама незвычайная!
Зеленбуд: “Звычайная – гэта наша, якая ў нас вырошчваецца. А там у любым разе трава імпартная. То бок – добрай якасці, а не тое, што ў нас вырабляецца”.
Па словах спецыяліста, каб засеяць 100 метраў квадратных звычайнага газону, спатрэбіцца мінімум адзін мільён 700 тысяч!
Зеленбуд: “Усё залежыць ад таго, якая зямля – ці трэба туды штосьці ўносіць… Мільён семсот – гэта без угнаенняў, проста падвезці зямлі, пасеў…”
“Гуглмэпс” паказвае, што працягласць зялёнай раздзяляльнай паласы па праспекце Пераможцаў – 5,6 кіламетраў. Шырыня – каля паўтара метраў. Вылічваем плошчу – 5600м * 1,5м = 8400 метраў квадратных. Дзелім на 100 і памнажаем на мільён семсот. 168 мільёнаў або 21 тысяча долараў(!) каштуе засадзіць травой звычайны газон.
А тут, відаць, будзе і таго болей.
Цікава, што мяняць звычайны газон кожны год – такой патрэбы сапраўды няма, тлумачыць галоўны інжынер:
“Звычайны газон, калі яго не вытоптваюць, то ён нармальна… і не адзін год расце. Калі ён наўмысна не пашкоджваецца, то нармальна ўсё. Звычайная трава! Што тут казаць… Расце, дый усё”.
Што трава на праспекце – незвычайная, зразумела. Яе вязуць з-за мяжы. Але адкуль менавіта, у Мінску не кажуць, таму званю ў Гродна, у мясцовы Зеленбуд. Там кажуць, што завозяць траву звычайна з Галандыі… Бывае яшчэ – з Польшчы.
“Арыенціровачны кошт на імпартную траву каля 50 тысяч за кілаграм. Хапае на 40 квадратных метраў. У асноўным – Польшча-Галандыя ідзе”, - кажа супрацоўніца Зеленбуду.
Такім чынам, каб засадзіць раздзяляльную паласу па праспекце Пераможцаў, адно насенне з Галандыі будзе каштаваць больш за 10 мільёнаў… Без працы!