Ці з'явіцца "план Маршала для Беларусі"?

110906 Jauhenia Palityki.mp3

Палітвязняў трэба не проста выпусціць, але і рэабілітаваць. Такую прапанову сярод іншых распрацавалі беларускія апазіцыйныя палітыкі і выклалі яе на сустрэчы з польскім чынавенствам, у прыватнасці, з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам і міністрам замежных справаў Радаславам Сікорскім.

Кажа удзельнік сустрэчы кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

"Туск, па-першае, сказаў, што яны глядзяць на Беларусь не толькі як на блізкіх людзей, як на братоў сваіх, але і адзначыў, што ў іх ёсць досвед, падобны да беларускага. Ён з цікавасцю аднёсся да нейкага "плана Маршала для Беларусі", умоўна кажучы, які можна было б прапанаваць пасля правядзення ў нашай краіне свабодных выбараў і вызвалення палітычных вязняў".

З беларускага боку на сустрэчы, акрамя Лябедзькі, прысутнічалі лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, кіраўнік Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін, лідар кампаніі "Гавары праўду" Уладзімір Някляеў, сустаршыня "Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі" Віталь Рымашэўскі ды першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

На думку палітыкаў, менавіта цяпер, у час крызісу, калі Аляксандр Лукашэнка не мае стратэгічных партнёраў, а сярод насельніцтва ёсць попыт на "пазітыўную альтэрнатыву", беларуская апазіцыя і яе асноўны партнёр — Польшча — павінны кансалідавацца і загаварыць у адзін голас. Гаворыць Аляксандр Мілінкевіч:

"Я думаю, што Беларусь сёння напярэдадні сур'ёзных змен, бо тая мадэль,  збудавана Лукашэнкам, не працуе без вонкавых датацый. А Расія не дае грошай, бо ён пакуль не аддае ім тое, што ёсць лепшае ў эканоміцы ўзамен на крэдыты. А Еўропа не кантактуе з рэжымам, таму што палітвязні сядзяць у турмах па палітычных прычынах".

Анатоль Лябедзька адзначыў, што ў выпадку правядзення круглага стала ўлады і апазіцыі кантроль з боку міжнародных структур мог бы гарантаваць, што перамовы не стануць імітацыяй без канкрэтнага выніку.

Лябедзька: "Мы за прамыя перамовы ўлады і апазіцыі, пры магчымым пасярэдніцтве адказных міжнародных структур. Перамовы — з дакладнай павесткай дня, з прывязкай да часу і абавязковай перадумовай вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных вязняў. Да перамоваў мы прапануем і пакет эканамічнай і фінансавай дапамогі для Беларусі, які можа быць рэалізаваны з боку Захаду тады, калі ў Беларусі будуць вызваленыя палітычныя вязні і пройдуць свабодныя выбары".

З боку ж Польшчы прагучала прапанова, стварыць еўрапейскі фонд, які будзе садзейнічаць дэмакратычным пераўтварэнням у Беларусі. Вось як пракаментаваў гэтую навіну Станіслаў Шушкевіч.

Шушкевіч: "Для нас было прыемнай нечаканасцю. Часам пошук нават вельмі малых сродкаў ператвараецца ў фантастычна цяжкую бюракратычную працэдуру... Мне здаецца, гэта зразумелі нашы партнёры і тыя, хто хоча нам у гэтым пытанні дапамагчы".

Акрамя таго, яшчэ раз польскі бок папрасіў прабачэння за выдачу беларускім уладам дадзеных пра замежныя рахункі праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які ўжо месяц знаходзіцца за кратамі ў Мінску. І запэўніў, што гэта было непаразуменне і больш такое не паўторыцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі