Прэзентацыю кнігі ўкраінскага прафесара ў Брэсце забаранілі
Яна мелася прайсці ў абласной бібліятэцы імя Горкага.
У вузкім фармаце кнігу “Голоси з Берестейщини” яе аўтар Грыгорый Аркушын (прафесар Валынскага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі) прадставіў грамадскасці ў Генеральным консульстве Украіны ў Брэсце. Удзельнікі прэзентацыі кажуць пра палітычныя падставы забароны. Маўляў, мова палешукоў зноў ператвараецца ў аб’ект змагання.
Падставу для такога меркавання дае і аўтарскае прысвячэнне: “Анклаўным украінцам, якія яшчэ застаюцца ўкраінцамі”. У прадмове аўтар кажа пра дэнацыяналізацыю беларускіх палешукоў: “Сцвярджаюць, што яны беларусы, бо іх так запісалі, а іх маўленне, нібыта, мешаніна польскіх, расійскіх і беларускіх словаў (пра ўкраінскія словы “сціпла” змоўчваецца)”.
Кніга мае больш за 500 старонак занатаваных транскрыпцыяй узораў маўлення з дзесяці раёнаў Брэсцкай вобласці, дзе жывуць палешукі. Да яе дадаецца медыядыск з відэазапісамі.
Праца выйшла сёлета ў Луцку накладам 75 асобнікаў. Раней Рыгор Аркушын ужо выдаў падобныя кнігі пра маўленне ў польскім Падляшшы і валынскім Палессі.