У крэдыце могуць адмовіць, калі не плаціш аліменты або піў піва на вуліцы!
Еўрарадыё здзівіла, што паводле слоў леснікоў у людзей, аштрафаваных за вогнішча ў лесе, могуць быць праблемы з крэдытам. Мы даведаліся, ці сапраўды гэта так.
“Па першым разе караць не хочацца — проста папярэджанне выносіцца. На радасцях можа парушальнікі забываюцца пра гэта. Але казалі, што нейкія крэдыты не могуць людзі атрымаць з-за таго, што трапляюць у адміністрацыйную базу”, — кажа Еўрарадыё ляснік Старобінскага лясгаса Васіль Бунцэвіч.
Тэлефаную ў кол-цэнтр "Самбелбанка". Там супакойваюць, што ніякіх спісаў правапарушальнікаў у іх няма. Адзінае патрабаванне — адсутнасць запазычанасці і добры прыбытак.
"Самбелбанк": “Галоўнае, каб была добрая крэдытная гісторыя, добры стабільны даход. Крэдытным камітэтам кожнага банка разглядаецца, выдадуць крэдыт ці не. Але як такіх крытэраў няма. Можа быць нават крэдыт у іншым банку. Галоўнае — каб не было запазычанасці, а ягоны прыбытак дазволіў аформіць яшчэ адзін крэдыт”.
Але ў крэдыце могуць адмовіць… і вы нават не даведаецеся, чаму!
“Некаторыя банкі так робяць. Яны, здаецца, нават у сваіх патрабаваннях прапісвалі — адсутнасць прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці. Мяне ў свой час гэта здзіўляла, — кажа эканамічны эксперт InfoBank Кацярына Смірнова. — А ўвогуле — правяраюць практычна ўсе, але проста не ўказваюць. І калі вам адмовяць, вы проста не будзеце ведаць — чаго. Калі, напрыклад, крэдытны камітэт пры вялікіх сумах прабівае крэдытаатрымальнікаў праз органы, каб у іх не было запазычанасцяў, у кол-цэнтрах могуць пра гэта і не ведаць”.
Эксперт лічыць гэта нармальнай практыкай.
Кацярына Смірнова: “Калі чалавек прыходзіць па крэдыт, банк павінен ведаць, добранадзейны чалавек або не. Іншае пытанне — пра што ідзе гаворка… Калі там штраф, умоўна кажучы, за тое, што хуткасць чалавек перавысіў, то гэта зусім іншае!”
Але як даведалася Еўрарадыё, у крэдыце могуць адмовіць, нават калі вы не заплацілі за камунальныя!
"Парытэтбанк": “Так, гэта мы таксама глядзім. Нявыплачаныя аліменты будуць з’яўляцца падставай для адмовы. Нават штомесячная нявыплата камунальных плацяжоў можа паслужыць”.
Еўрарадыё: Ці можа стаць абмежаваннем штраф за перавышэнне хуткасці?
"Парытэтбанк": “Калі ён не выплачаны, то можа. А калі ён пагашаны, то хутчэй за ўсё — не… Як такога спісу няма. Яны глядзяць індывідуальна ў кожным выпадку. Як правіла — гэта наяўнасць нейкай непагашанай запазычанасці. Таксама нейкія крымінальныя злачынствы будуць з’яўляцца падставай для адмовы”.
Сума запазычанасці значэння не мае. Любая колькасць грошай можа з’яўляцца падставай, калі яна нявыплачаная, працягваюць у банку.
"Парытэтбанк": “Кліент павінен быць добранадзейны. Банк павінен быць упэўнены, што кліент своечасова выканае свае абавязальніцтвы. Калі кліент, напрыклад, штомесяц не плаціць у час за кватэру, то, адпаведна, можна зрабіць выснову, што так сама ён будзе выплачваць і крэдыт… Калі ж гэта адзінкавы адміністратыўны штраф… галоўнае, каб ён быў аплачаны. А калі вісіць запазычанасць, то, натуральна, гэта будзе падставай для адмовы!”.
У кожным выпадку вы зможаце патлумачыць, чаму не выплацілі той ці іншы штраф. І калі пераканаеце банк, што сітуацыя выключная, то крэдыт могуць выдаць.