У Мастацкім музеі сцены заклеілі “няўдалымі фатаграфіямі”

Студэнты гуманітарнага факультэта БДУ клеілі сваю інсталяцыю больш за 4 гадзіны – міліцыянт выпусціў іх з пустога Мастацкага музея пасля 23 гадзін. Выкладчык гуманітарнага факультэта БДУ Аляксей Кульбіцкі задаволены – першай у Беларусі афіцыйнай выставе ламаграфіі быць! Клеючы здымкі, Аляксей распавёў нам крыху пра гісторыю гэтага мастацтва.
 
Аляксей Кульбіцкі: “Ламаграфія з’явілася ў ХХ стагоддзі ў Празе. Яе вынайшлі два венскія студэнты, якія прыехалі на ўікэнд. У іх былі старыя савецкія фотаапараты “Ломо” (“Ленинградское оптико-механическое общество”). Яны фоткалі ўсё на гэтыя фоцікі, а пасля паглядзелі здымкі – і ўбачылі, што рэзкасці ці пэўнасці там не хапае. Але адтуль праменіў настрой, які быў у іх падчас адпачынку!”

Студэнты неадкладна вырашылі стварыць з гэтых “няўдалых спробаў” новы кірунак у фотамастацтве, а абрэвіятуру “Ломо” тут жа перарабілі на маднейшы капыл – “LoMo” (“love and motion” – “каханне і рух”). Такім чынам у Вене ўзнікла Ламаграфічнае таварыства (бо студэнты былі з Венскай акадэміі мастацтваў).

Аляксей Кульбіцкі: “Цяпер па ўсім свеце ёсць каля 70 філіялаў гэтага таварыства. Адбываюцца вялікія выставы, нават з удзелам міністраў культуры. Уручаюцца прэміі, дыпломы – карацей, ідзе “дзвіжуха” ламаграфічная. На жаль, у нашай краіне дагэтуль такой дзвіжухі не назіралася. Былі асобныя спробы, але вось так, вялікай выставы, тым больш у афіцыйнай установе – не было. Ламаграфія выстаўляецца ломасценкамі – вялікая плошча заклейваецца мноствам здымкаў. Вельмі радасна, што гэта адбываецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі”.


Другакурсніца спецыяльнасці “web-дызайн” Валерыя Лапіцкая распавядае, што ідэя, зрабіць выставу ламаграфіі на Ноч музеяў прыйшла амаль выпадкова.
Валерыя Лапіцкая: “Аднойчы мы сваёй групай прыйшлі на экскурсію ў мастацкі музей, і нам прапанавалі паўдзельнічаць у Ночы музеяў. Мы вырашылі зрабіць ломасценку з дзвюх частак. Адна частка сімвалізуе “Апакаліпсіс”, а другая – “Апакаліпсіс адмяняецца”. Наша ломасценка складаецца з 555 фотаздымкаў. Кожны з іх прадстаўляе нейкую асобную гісторыю кожнага з нас. А ўсе разам яны выяўляюць цікавы сюжэт”.

Аднагрупніца Валерыі Ганна Чырыкала прызнаецца, што спачатку нічога не зразумела ва ўсім гэтым.

Ганна Чырыкала: “Спачатку я займалася фатаграфіяй, але не ведала, што такое ламаграфія. Выкладчык распавёў, што ёсць такое паняцце. Спачатку я не зразумела, бо гэта падобна проста да няўдалых фотак! Я пачала шукаць у інтэрнэце, мне гэта спадабалася. Тут ёсць некалькі здымкаў з маімі сюжэтамі. А на другой сцяне я выступаю як мадэль – там паказаная палова майго твару, як сімвал таг , што горад так цісне на чалавека, што ад яго асобы застаецца толькі палова”.

Натхнёны выкладчык параўноўвае сваіх студэнтаў ні многа, ні мала – з Максімам Багдановічам!..

Аляксей Кульбіцкі: “Часам я задаю сабе пытанне: навошта нам гэтая ламаграфія, калі не кожнаму яна зразумелая? І адразу адказваю сабе. 100 год таму Максім Багдановіч пісаў рандо, санеты, трыялеты… Нашто? Каб усё гэта было ў беларускай літаратуры! Гэтак і ламаграфія. Калі гэта існуе ў свеце, яна павінна быць і ў беларускім фотамастацтве! Каб Беларусь была далучаная да сусветнай плыні фотамастацтва”.

Спяшайцеся! Ламаграфічныя сценкі “Апакаліпсіс. Адмяняецца…” будуць прэзентаваныя 18 траўня ў Нацыянальным мастацкім музеі ў 19.00 у межах “Ночы музеяў”. Пасля адкрыцця выставу можна будзе паглядзець яшчэ цягам трох дзён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі