У Мінску ў тры разы больш казіно, чым у Лас Вегасе
Гульнявых устаноў няма толькі ў Серабранцы, Чыжоўцы і Шабанах.
“115 юрыдычных асобаў было на 1 красавіка. Яны ажыццяўляюць дзейнасць у сферы гульнявога бізнэсу. А казіно ў Мінску – 32”, -- расказваюць Еўрарадыё ў падатковай інспекцыі Мінска.
Большасць “кропак гульнявога бізнэсу” – клубы з аўтаматамі. Накшталт знакамітага “аднарукага бандыта”.
Дарэчы ў знакамітым амерыканскім Лас Вегасе, які, без перабольшвання, стаў сусветным цэнтрам гульні ў рулетку, казіно куды менш. У Даўнхіле – цэнтры гульнявога бізнэсу горада – усяго 11. Праўда, параўнаць беларускія казіно з амерыканскімі немагчыма – уся інфармацыя пра кліентаў закрытая, кажуць нам у шыкоўным мінскім казіно “Шангры-Ла”:
“Інфармацыя пра нашых гасцей – яна выключна канфідэцыйная. Таму ніякай інфармацыі мы вам не можам прадаставіць”.
Сярод сталічных казіно як шыкоўныя установы пры пяцізоркавых гатэлях, размешчаныя ў самым цэнтры Мінска, так і больш сціплыя – у спальных раёнах. Цікава, што ў Серабранцы, Чыжоўцы і Шабанах казіно пакуль няма. Гэта адзіныя мікрараёны сталіцы, не закранутыя гэтым дасягненнем цывілізацыі.
Абзваніўшы з дзесятак установаў, Еўрарадыё ўсё ж змагло атрымаць крыху інфармацыі датычнай кліентаў мінскіх казіно. Аказваецца, беларусаў сярод іх цяпер... прыкладна палова! Рэшта – “браты-расіяне”.
“У працэнтных суадносінах прыкладна працэнтаў 50 на 50. Ну, можа, 70% беларусаў і 30% расіян. Гэта ў сувязі з тым, што ў Расіі забароненая ўся гульнявая дзейнасць. За выключэннем некалькіх гульнявых зон. Таму расіяне едуць у Беларусь дастаткова ахвотна”, -- расказваюць нам у шыкоўным казіно “Раяль”, што пры гатэлі “Мінск” на плошчы Незалежнасці.
У Расіі насамрэч казіно на большасці тэрыторый пад забаронай. З 1 ліпеня 2009 году яны могуць легальна дзейнічаць толькі ў Калінінградскай вобласці, а таксама Алтайскім, Прыморскім і Краснадарскім краях. На ўсёй іншай тэрыторыі можна адно рабіць стаўкі на спорт ды граць у латарэі.
“У працэнтных суадносінах прыкладна працэнтаў 50 на 50. Ну, можа, 70% беларусаў і 30% расіян. Гэта ў сувязі з тым, што ў Расіі забароненая ўся гульнявая дзейнасць. За выключэннем некалькіх гульнявых зон. Таму расіяне едуць у Беларусь дастаткова ахвотна”