У суботу 26 мая стане вядомае імя пераможцы «Прэс-фота Беларусі 2012»

Цырымонія ўзнагароджання аўтараў лепшых здымкаў 2011 года пачнецца 26 мая ў 18.00. Гран-пры конкурсу пераможца атрымае з рук пастаяннага члена журы конкурсу «Прэс-фота Беларусі», кіраўніка маскоўскага бюро «Associated Press», лаўрэата Пулітцэраўскай прэміі Аляксандра Землянічэнкі. Вядучым цырымоніі будзе вядомы спявак Лявон Вольскі, які пасля ўзнагароджання удзельнікаў дасць невялікі канцэрт.

Выстава работ пераможцаў конкурсу будзе даступная два дні, 26 мая з 12.00 да 22.00 і 27 мая з 14.00 да 22.00. Упершыню ў гісторыі конкурсу будуць дэманстравацца ўсе здымкі-пераможцы - а іх у гэтым годзе каля 280!

Акрамя гэтага, у рамках праекта «Прэс-фота Беларусі - 2012» пройдуць 2 творчыя сустрэчы:

27 мая, з 11.00 да 14.00 - сустрэча фотарэпарцёраў з Аляксандрам Землянічэнкам (уваход па папярэднім запісе, +375296868333, Юля).

27 мая, з 14.00 да 15.00 - сустрэча аматараў прэс-фатаграфіі з пераможцамі «Прэс-фота Беларусі». Свой удзел пацвердзілі Наталля Аблажэй (БЕЛТА), Аляксандр Васюковіч, Сяргей Грыц (Associated Press), Сяргей Гудзілін (Наша Ніва), Таццяна Зяньковіч (ЕРА), Васіль Фядосенка (Reuters). Уваход вольны.

Конкурс «Прэс-фота Беларусі» праводзіцца трэці год. Яго ўдзельнікамі з'яўляюцца айчынныя фатографы, якія супрацоўнічаюць са СМІ.

У 2012 годзе аргкамітэт атрымаў заяўкі ад 90 удзельнікаў, якія даслалі больш за 2500 здымкаў для ўдзелу ў конкурсе.

Журы конкурсу, у якое ўваходзяць вядомыя айчынныя і замежныя фатографы і фотарэдактары, вызначыла пераможцаў у наступных намінацыях: «Навіны», «Людзі ў навінах», «Спорт», «Паўсядзённае жыццё», «Партрэт», «Мастацтва і забавы», «Прырода», «Народныя традыцыі». Ацэньваліся як адзінкавыя здымкі, так і серыі фатаграфій.

Партнёрамі конкурсу выступілі кампаніі «SeeMax», «Ambassador». Інфармацыйныя спонсары - «Znyata», «TUT.by», «Беларуская асацыяцыя журналістаў», «Комсомольская правда», «Еўрарадыё», «Наша Ніва».

Больш інфармацыі пра конкурс можна знайсці на сайце pressphoto.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі