Рыгоні: Мы хочам, каб 2017-ы ў Беларусі стаў годам мараторыя на смяротную кару

Рыгоні: Мы хочам, каб 2017-ы ў Беларусі стаў годам мараторыя на смяротную кару

Выступам дакладчыка па Беларусі Андрэа Рыгоні пачаліся ў Камітэце па палітычных пытаннях Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы 24 студзеня слуханні па сітуацыі ў Беларусі. Звярнуўшы ўвагу на “мірны характар” парламенцкіх выбараў у Беларусі 2016 года і назваўшы з’яўленне ў беларускім парламенце дзвюх дэмакратычных дэпутатак, Андрэа Рыгоні падкрэсліў неабходнасць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў нашай краіне.

Рыгоні: “Мы правялі ў Мінску канферэнцыю, прысвечаную праблеме смяротнага пакарання, і яна, на наш погляд, прайшла вельмі прадуктыўна. Зараз мы хацелі б скарыстацца яе высновамі і атрымаць канкрэтныя вынікі — увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Каб 2017 год стаў годам мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі, каб было ўведзенае блакаванне на выкананне смяротных прысудаў”.

Беларускі бок на слуханнях прадстаўляюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і Андрэй Навумовіч, а таксама праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Па словах Навумовіча, пытанне смяротнага пакарання балючае для беларускага грамадства. І сярод беларусаў няма адзінага меркавання па гэтым пытанні. Тым не менш, кажа дэпутат, у Палаце прадстаўнікоў ёсць адмысловая камісія па вывучэнні пытання адмены смяротнага пакарання і яна будзе вывучаць гэта пытанне, абмяркоўваць магчымасць мараторыя. З гэтай нагоды, адзначае ён, у парламенце пройдуць адмысловыя слуханні бліжэйшым часам.

Прадстаўніца АГП у Палаце прадстаўнікоў Ганна Канапацкая заявіла, што беларускія ўлады імкнуцца атрымаць статус спецыяльна запрошанага ў ПАСЕ, а стаць паўнапраўным сябрам Савета Еўропы ў афіцыйнага Мінска жадання няма. Як вядома, адмена смяротнага пакарання з’яўляецца галоўным патрабаваннем для сяброўства ў СЕ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі