Са 137 зваротаў улады станоўча адрэагавалі на 26. Petitions.by падвёў вынікі
Праект petitions.by створаны, каб дапамагчы грамадзянам краіны правільна афармляць і накіроўваць звароты да ўладаў. Ад іншых пляцовак ён адрозніваецца найперш тым, што на звароты, накіраваныя праз petitions.by, чыноўнікі абавяаныя адказваць.
На чарговай справаздачы аб дзейнасці каардынатар праекта Уладзімір Кавалкін расказаў, што за апошнія 5 месяцаў праз сайт было накіравана 137 петыцый-зваротаў і 58 з іх ужо атрымалі той альбо іншы адказ.
“Мы атрымалі 26 станоўча вырашаных праблем, 4 цікавыя адказы, у 19 выпадках нам адмовілі, яшчэ было 11 адпісак. Агулам сума тут большая, чым 58, але некаторыя адказы чыноўнікаў трапляюць адразу ў некалькі катэгорый”, — расказвае Кавалкін.
Актывісты гавораць, што станоўчыя адказы на заўвагі грамадзян часцей за ўсё прыходзяць тады, калі гаворка вядзецца пра парушэнні, дапушчаныя іншымі грамадзянамі альбо прыватнымі кампаніямі. У такіх выпадках можна разлічваць на дапамогу дзяржаўных органаў амаль стоадсоткава. Але калі скарга датычыць дзейнасці саміх чыноўнікаў рознага ўзроўню, то чакаць пазітыўнай рэакцыі амаль не мае сэнсу. Тое ж датычыць і палітызаваных пытанняў.
“Вось, напрыклад, быў станоўчы адказ ад Мінгарвыканкама ў сувязі з пашырэннем практыкі так званай “рэкламы на асфальце”. Улада падтрымала грамадзян. Але калі быў зварот аб наданні Святлане Алексіевіч звання героя, то мы атрымалі адпіску”, — расказвае Кавалкін.
У бліжэйшых планах каардынатараў petitions.by — стварыць своеасаблівы рэйтынг чыноўнікаў, заснаваны на іх жаданні альбо нежаданні вырашаць праблемы грамадзян. На думку актывістаў, гэта можа заахвоціць прадстаўнікоў улады працаваць значна лепш, чым гэта адбываецца зараз.