“Самаабарона” Севастопаля: Зброя толькі ў “Беркута” і былых вайскоўцаў

Дзіўнае супрацьстаянне ў Крыме доўжыцца тыдзень. Узброеныя людзі публічна заяўляюць, што яны “расійскія вайскоўцы” і перамяшчаюцца на бронітэхніцы з расійскімі нумарамі. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і міністр абароны Сяргей Шайгу кажа, што украінскія часткі ў Крыме блакуе “мясцовая самаабарона”, а не вайскоўцы з Расіі. Еўрарадыё паразмаўляла з кіраўніком Севастопальскага аддзялення “Рускага маладзёжнага руху” Сяргеем Мысіным, адным з каардынатараў мясцовага "апалчэння".

Еўрарадыё: Да вас зараз ідуць людзі ў “самаабарону”?

Сяргей Мысін: Атрады фарміруюцца ўжо некалькі месяцаў. Запісаліся каля 15 тысяч. Выкарыстоўваюцца тыя, хто мае досвед, хто ўжо служыў ці быў ў запасе. А таксама маладыя людзі — спартоўцы. Ёсць штаб, які ўсё каардынуе. Людзі патрулююць вуліцы, іх змяняюць.

Еўрарадыё: А якая ў іх экіпіроўка, ёсць чым абараняцца?

Сяргей Мысін: У Крым, у Севастопаль прыехаў кіеўскі “Беркут”. Таксама мы прымаем тут іншых бежанцаў з “Беркута”, бо іх прылюдна прыніжаюць ва Украіне. Зброя даецца падрыхтаваным людзям, якія мелі досвед ёй карыстацца і служылі ў муніцыпальнай міліцыі. Грамадзянскім выдаецца форма і рацыі для сувязі. Правакатараў у горадзе амаль няма, ёсць мясцовыя, мы іх трымаем на кантролі.

Еўрарадыё: А якая форма выдаецца?

Сяргей Мысін: Хтосьці збіраў людзей і сам іх экіпіраваў. Некаторыя са сваёй формай. Пакуль адзінай формы няма. Гэта ці то людзі самі сабе набываюць форму, ці то яна ўжо ў іх была. Адрозніваюцца нашыўкі: мусіць быць нашыўка “Севастопаль” і да якога атраду належыць “самаабарона”. Абавязковая георгіеўская стужка, мы раздаём усім — гэта такі знак адрознення.

Еўрарадыё: А, можа, каскі выдаяце, для бяспекі?

Сяргей Мысін: Пакуль у іх няма патрэбы. Гэта ўсё ёсць на сховішчах. Але па горадзе людзі ў іх не ходзяць. Актыўна дапамагаюць з Расіі з экіпіроўкай, але да нас яшчэ адтуль нічога не дайшло. Найперш экіпіруем тых, хто трымае зброю. Гэта “Беркут”, вайскоўцы, казакі.

Еўрарадыё: Зброя ж нямала каштуе, дзе ўдалося яе дастаць?

Сяргей Мысін: Наш севастопальскі “Беркут” нікуды не сыходзіў, і яны маюць зброю па працы. Калі будзе небяспечная сітуацыя, вы ж разумееце, што ў Севастопалі шмат усяго засталося з савецкіх часоў. Падрыхтаваных людзей можна ўзбройваць, але пакуль усё спакойна. Бо стаяць блок-пасты, усе машыны, што заязджаюць у Крым, правяраюцца на зброю, на выбухоўку.

Еўрарадыё: Вы каардынуецеся з расійскімі вайскоўцамі?

Сяргей Мысін: У Севастопалі сумесна блакуюцца вайсковыя часткі, каля 50-60 чалавек вакол кожнай часткі ў якой незразумелая сітуацыя, каб туды не праязджалі зноўпрызначаныя галоўнакамандуючыя. Гэта звычайныя людзі з атрадаў “самаабароны”. Каб не было канфлікту, яны шчыльна супрацоўнічаюць з байцамі чарнаморскага флоту.

Палтаўскі ваенкамат: “У войска запісалася мама, у якой сын служыць у Крыме"

Фота: Ілля Варламаў На фота - штаб запісу ў "самаабарону" у Севастопалі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі