Самалёт з Масквы прыляцеў у Мінск з амаль пустым багажным адсекам

Авіякампаніі часам губляюць багаж асобных пасажыраў. Але на рэйсе Масква-Мінск, які прыляцеў з Шарамеццева 21 чэрвеня, згубіўся амаль увесь багаж. Распавядае адна з пасажырак рэйса Алена:

"Гэта быў транзітны самалёт Шарамеццева-Мінск, і ён прызямліўся ў Мінску пусты. З пустым багажным аддзяленнем. Калі мы выйшлі з самалёта і пайшлі атрымоўваць багаж, лента аказалася пустой. Там было некалькі чамаданаў літаральна 3-4 чалавек, якія сядалі ў Маскве, а не ляцелі транзітам. Іх рэчы прыйшлі, а ўсе астатнія транзітныя багажы, больш за 100 пасажыраў, бо самалёт вялікі, Аэробус-330, — не".

У мінскім аэрапорце пасажырам паведамілі, што рэчы не прыляцелі. У Маскве адказвалі, што чамаданы загрузілі. Людзі пачалі панікаваць, бо некаторыя былі не з Мінску і мусілі ехаць далей. У Мінску багаж пачалі афармляць як зніклы.

"Справа ў тым, што ў Шарамеццева ёсць багажная сістэма, якая часам дае збой, — патлумачылі ў авіякампаніі “Аэрафлот”. — І вось адбыўся збой багажнай сістэмы, таму было вялікае непрыбыццё багажу. Гэта адбылося ў тэрмінале Д. Там многія пасажыры ўляталі без багажу. Ён дастаўляўся бліжэйшымі рэйсамі і кампанія афармляла дастаўку дадому".

Цяпер чамаданы пасажырам рэйса пачалі вяртаць, у Мінску багаж ужо атрымалі, а за 24 чэрвеня павінны давезці і ў вобласці.

Цікава, што па міжнародных правілах, авіякампаніі маюць 21 дзень на пошук багажу, толькі потым можна патрабаваць кампенсацыю, тлумачаць Еўрарадыё ў Нацыянальнай авіякампаніі “Белавія”.

"Па заканчэнні гэтага тэрміна, калі багаж не знайшоўся, пасажыр звяртаецца ў тую авіякампанію, якая згубіла яго багаж, і, як правіла, будзе выплата 20 долараў за кілаграм, калі пасажыр сам перад вылетам не дэклараваў свой багаж".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі