Санкцыі ідуць на спад: выправіць гэта прызнанне Беларусі спонсарам тэрарызму
Заходнія краіны пачынаюць пераасэнсоўваць санкцыі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Беларусь і Расію варта прызнаць дзяржавамі — спонсарамі тэрарызму, таму што толькі гэта дазволіць санкцыям быць эфектыўнымі. А санкцыйнае пытанне нашмат важнейшае за планы рэформаў, бо ў найбліжэйшы час змены рэжымаў у Беларусі і Расіі не прадбачыцца.
Такое меркаванне выказаў расійскі эканаміст, дырэктар Цэнтра даследаванняў постіндустрыяльнага грамадства Уладзіслаў Іназемцаў у часе "Форуму дэмакратычных сіл", які праходзіць у Берліне.
Санкцыі працуюць, але недастаткова
Санкцыі супраць Беларусі падрываюць рэжым, але ў той жа час яны недастатковыя, мяркуе эксперт.
— Прычым недастатковыя не з пункту гледжання таго, што Еўропа ці Захад не хочуць купляць у Беларусі, а ў тым кантэксце, што гандаль з Беларуссю захоўваецца. Ва ўмовах санкцый супраць Расіі Беларусь будзе выступаць транзітным каналам для атрымання і Расіяй санкцыйнай прадукцыі, — кажа Уладзіслаў Іназемцаў.
Улады і бізнесы ўсё адно знойдуць абыходныя шляхі для экспарту або перапродажу еўрапейскіх тавараў у Расію. Тым больш рэжым Лукашэнкі ў гэтым даўно практыкуецца. Нашмат важней абмежаваць імпарт з заходніх краін, як гэта адбылося, напрыклад, з мікрачыпамі. Экспарт, які прыносіць рэжыму прыбытак, не такі важны.
Беларускія эканамісты ўжо прапанавалі шэраг праектаў рэформаў для новай Беларусі, аднак гаварыць пра іх заўчасна, перакананы Уладзіслаў Іназемцаў. Бо пакуль няма падстаў думаць, што рэжымы ў Беларусі і Расіі хутка падуць.
— Адзінае пытанне заключаецца ў тым, якім можа быць у будучыні месца Беларусі ў эканоміцы рэгіёна Усходняй Еўропы. Цяпер гэта ўжо не вельмі актуальна, але год таму было рэальным і самым добрым варыянтам пазіцыянаванне Беларусі як дзяржавы, якая знаходзіцца на скрыжаванні еўрапейскіх транзітных шляхоў.
У гэтым выпадку ў Беларусі павінны быць добрыя адносіны і з Расіяй, і з Захадам.
— Беларусь як частка Саюзнай дзяржавы магла б стаць апорным пунктам для пранікнення еўрапейскага капіталу, еўрапейскіх інвестыцый у Расію і тавараў у тым ліку.
Цяпер усё змянілася. Мы не ведаем, якімі будуць наступствы вайны ва Украіне. Мяркую, што Расія пацярпіць паразу. Гэта прывядзе да яшчэ большай закрытасці Расіі. І ў гэтым дачыненні перавага Беларусі як магчымага транзітнага моста закрыецца.
Гэта моцна абмяжуе развіццё Беларусі, і такая сітуацыя замарозіцца на гады, адзначае эксперт. Змяніць гэта можа толькі падзенне рэжыму.
Паколькі рэформы пакуль можна разглядаць выключна як інтэлектуальныя практыкаванні, трэба засяродзіцца на санкцыях, мяркуе эксперт. Бо заходнія краіны ўжо пачалі пераасэнсоўваць іх і ў некаторых выпадках адкатваць назад.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.