Скандал: Мінск даслаў Літве дакументы пра АЭС, перакладзеныя гугл-транслейтам
Міністэрства энергетыкі Беларусі даслала Літве дакументы пра АЭС, перакладзеныя на літоўскую мову... гугл-транслейтам. У афіцыйным дакуменце, які мае назву "Ацэнка ўздзеяння Астравецкай АЭС на навакольнае асяроддзе", немагчыма зразумець цэлыя сказы, а з некаторых застаецца толькі рагатаць, піша літоўскі партал 15min.lt.
Радыё Свабода пераклала некаторыя цытаты з беларускіх дакументаў: "Палепшыць Узбецкай Рэспублікі і як усе расліны канкурэнтназдольнасць", "Сістэма макіяжу — прадзімання", "Змяніць жыццё зношаных". Што гэта азначае, таямніца.
У гэтым важным дакуменце мусіла быць апісаная спецыфікацыя і тэхнічныя парамэтры БелАЭС. Падчас перакладу з англійскай мовы на літоўскую з дапамогай гугл-перакладчыка plant (англ. электрастанцыя) стаў... "раслінай" (іншае значэнне згаданага англійскага слова).
"Уздоўж загародкі, якая знаходзіцца на тэрыторыі заводу, чыгуначная станцыя расліна найперш прызначаная, каб прыбраць прапусціла і атрымаць новую ПЛІВУ", — гэта яшчэ адзін сказ з "дакумента", атрыманага ў Вільні. Пра што ідзе гаворка, незразумела.
"Станцыя з прамысловай гасцёўняй, сабрала тры запісы: знешні агароджа, асноўны корпус", — так у дакуменце тлумачацца тэхнічныя параметры ядзернай электрастанцыі. Чыноўнікам літоўскага Міністэрства энэргетыкі не ўдалося высветліць, якая гасцёўня тут маецца на ўвазе.
І яшчэ цытата: "Апора пляча рэактара карабель падтрымлівае і вызначаныя кальцо апоры, замацаваная да падмурку ў гаспадарцы". Гэта беларускі бок тлумачыць, як яны будуць мантаваць рэактар. Аднак невядома, што гэта за карабель і пра якую гаспадарку ідзе гаворка.
"Сетачка мабільнага перамешвання і з "пірог" фрагмент", — так у дакуменце апісваецца рэактар БелАЭС. А вось што беларусы напісалі пра тое, як будзе працаваць рэактар: "Спусціць уніз паміж корпусам і валам сарцавіны і праз дзірачкі ў дне шахты ліфта і кальца пацвярджаных камераў ёсць тэлевізары"...
А далей зноў узнікае Узбекістан, які невядома якое дачыненне мае да Беларускай атамнай станцыі: "Узбекістан лічыцца ўдасканаленая дыска Сэма VAS-3, які пазней замяніць дыск і Сэма прызначаная змяніць жыццё зношаных". Літоўцы таксама заінтрыгаваныя: а хто такі Сэм?
Некаторыя словы гугл-перакладчык не здолеў перакласці, аднак беларускіх чыноўнікаў гэта не засмуціла. І вось што атрымалася: "Што да aux ogatelnoy тэма працы — рэзервуараў ачысткі дзьме off унутранага агню захавання".
Незалежны энэргетычны эксперт, былы віцэ-міністр энэргетыкі Літвы Ромас Швядас пазнаёміўся з дасланым беларусамі дакументам і сказаў у каментары парталу 15min.lt наступнае: "Гэта цудоўна ілюструе іх стаўленне да працы. Калі АЭС можна будаваць абы-як, дык і дакументы на літоўскую мову можна перакладаць гугл-перакладчыкам".