Скандал на кніжным кірмашы: невядомы абліў Хадановіча кавай і ўцёк
3 сакавіка на кніжным кірмашы ў Мінску адбыўся скандал. Падчас прэзентацыі беларускага перакладу “Лялькі” Баляслава Пруса, што адбывалася на польскім стэндзе, невядомы хлопец абліў паэта Андрэя Хадановіча кавай і ўцёк.
Як сведчаць відавочцы, хлопец узняўся з месца і закрычаў: "Чаму “Польскі інстытут” не аплаціў друк раману? Чаму перакладчыкаў не запрасілі ў Мінск?" Пасля гэтага ён плёснуў кавай на ўдзельнікаў прэзентацыі, сказаўшы, што іх "замовілі", перадаў прывітанне ад Галіны Жарко і ўцёк.
Галіна Жарко — перакладчыца “Лялькі” — жыве ў Польшчы. У лютым яна распавяла, што “Польскі інстытут” вырашыў не фундаваць выданне рамана. Жарко знайшла грошы ў іншай культурніцкай установе — “Інстытуце кнігі”, што працуе ў Кракаве. А пасля са здзіўленнем даведалася, што падчас кніжнага кірмаша ў Мінску “Польскі інстытут” збіраецца прэзентаваць “Ляльку” на сваім стэндзе.
“О, Польскі інстытут да маёй “Лялькі” прымазваецца. Грошай на выданне не далі... яшчэ горш! спачатку далі, а потым перадумалі. Так і сказалі: ай, мы перадумалі. А зараз во — прэзетнуюць. І Хадановіч тут як тут! Ці не ён падгаварыў ІП [“Інстытут польскі”. — Еўрарадыё], каб на "Ляльку" не давалі, бо на яго праекты не хопіць? Усякае думаецца. Мне выдавец сказаў, што будзе прэзентацыя і нават спытаўся ці хачу я ўдзельнічаць. У сэнсе, што і без мяне тая прэзентацыя адбудзецца. Ну то сзадзеце, спадарства”, — напісала Галіна Жарко [арфаграфія аўтара захаваная. — Еўрарадыё].
"Ляльку" Баляслава Пруса прэзентавалі на польскім стэндзе ў шэрагу іншых твораў, апошнім часам перакладзеных з польскай мовы на беларускую. Акрамя яе, 3 сакавіка адбывалася прэзентацыя "Яблычка" Сяргея Пясецкага, "Уплывовых жанчын ІІ Рэчы Паспалітай" Славаміра Копера, а таксама кулінарнай кнігі з рэцэптамі польскіх страваў.
Андрэй Хадановіч быў вядоўцам імпрэзы. Ён распавядае, што ад хуліганскага ўчынку амаль не пацярпеў — і давёў прэзентацыю да канца.
Што да абвінавачанняў з боку спадарыні Жарко, дык Хадановіч абураецца, што яму ставяць у віну неабгрунтаваныя, бяздоказныя домыслы. "Цяжка палемізаваць з фантазіяй і ўмоўнымі канструкцыямі", — дадае паэт.