Скандал у Польшчы. Апазіцыя кажа пра канстытуцыйны пераварот
У Польшчы скандал — новаабраны Сейм, які складаецца пераважна з дэпутатаў ад кіруючай партыі "Права і справядлівасць", адмяняе пастанову ранейшага складу парламента аб прызначэнні шэрагу суддзяў Канстытуцыйнага суда. Апазіцыя ў складзе дэпутатаў ад “Грамадзянскай платформы” дэманстратыўна выходзіць з залы.
Скандал разгараецца ў ноч з 25 на 26 лістапада. Позна ўвечары 25-га "Права і справядлівасць" выносіць на галасаванне прапанову аб адмене прызначэння пяці суддзяў Канстытуцыйнага суда — за іх прагаласаваў Сейм ранейшага складу, дзе дамінавалі дэпутаты ад Грамадзянскай платформы. Выносіць і галасуе. “Платформа” выходзіць з залы, іншая нешматлікая апазіцыя спрабуе пратэставаць — марна. Суддзі, якія заступілі на пасады толькі сёмага лістапада, вымушаныя пакінуць свае пасады.
Працэдура выглядае скандальна, але дэмакратычна. На першы погляд. Справа ў тым, што паводле польскай Канстытуцыі, Сейм не мае права пазбаўляць суддзяў Канстытуцыйнага суда іх пасадаў. Прызначаць можа, а здымаць — не. Таму ў Польшчы ўжо гавораць ледзь не пра дзяржаўны пераварот.
Спецыяліст у галіне польскага канстытуцыйнага права, прафесар Марэк Хмай, у каментарыі польскаму тэлебачанню TVN паведаміў, што галасаванне "ПіС" у Сейме незаконнае:
“Такія дакументы не будуць мець законнай сілы, бо гэта прыклад такога дакумента, які не можа быць заканадаўчым. Сейм можа прагаласаваць за што толькі захоча. Напрыклад, за тое, што сёння пятніца, а не чацвер. Але гэта не будзе значыць, што раптам заўтра ўжо субота”.
Драматызму сітуацыі дадае тое, што ніхто дакладна не разумее, чым кіраўніцтву "ПіС" не спадабаліся прызначаныя “Платформай” суддзі. Адзінае тлумачэнне — гэта тым, што іх абрала менавіта “Платформа”.
Што будзе далей? Гэта абсалютна невядома. Тэарэтычна, цяпер “Права і Справядлівасць” павінна прагаласаваць за кандыдатуры новых суддзяў. Аднак не факт, што старыя прызнаюць начное галасаванне законным і сыдуць са сваіх месцаў добраахвотна. Так ці інакш, але Польшчу ўжо пачалі параўноўваць з краінамі, дзе “Канстытуцыйны суд не мае ніякага значэння”. Пакуль не называючы канкрэтных прыкладаў.
“Грамадзянская платформа” — палітычная партыя ў Польшчы, трымаецца ліберальна-дэмакратычнай ідэалогіі, атаясамляецца з праеўрапейскімі сіламі. Прайграла сёлета спачатку прэзідэнцкія, а потым і парламенцкія выбары.
“Права і Справядлівасць” — кансерватыўная польская партыя з “правай” ідэалогіяй, моцна звязаная з Касцёлам. Доўгі час была ў апазіцыі да “Грамадзянскай платформы”. Пасля перамогі на парламенцкіх выбарах у канцы кастрычніка фактычна стала дамінуючай у краіне.