Сoffee break: кошт на каву вызначаць з дапамогай “мазгавых хваляў”
Нейрабіёлаг з Германіі лічыць, што класічныя рынкавыя даследаванні не працуюць і прапануе кававаму гіганту арыгінальны спосаб павелічэння даходаў.
Нямецкі нейрабіёлаг Кай-Маркус Мюлер распрацаваў незвычайны спосаб вызначэння коштаў на каву — з дапамогай мазгавых хваляў. Як піша Der Spiegel, ноў-хаў прысвечанае вядомай сетцы кавярняў Starbucks.
“Усе думаюць, што яны (Starbucks, — заўв.Еўрарадыё) па-сапраўднаму зразумелі, як прадаць адносна недарагі прадукт за вялікія грошы. Але дзіўная рэч, што нават сама кампанія не разумее, як гэта рабіць”, — кажа навуковец у інтэрв’ю нямецкаму выданню.
Мюлер працаваў на вядучую кансалтынгавую кампанію, якая дапамагае кампаніям вызначыць падыходзячыя цэны на прадукцыю. Але расчараваўся, калі зразумеў, што “класічныя рынкавыя даследаванні працуюць некарэктна”. Бо пытанне да спажыўцоў “колькі б яны патрацілі на тавар” не выклікае ў апошніх асаблівага даверу. Таму Кай-Маркус Мюлер правёў сваё даследаванне на прыкладзе кубка кавы, які ў Штутгарце Starbucks прадае за 1,80 еўра. Людзям паказвалі розныя кошты на экране, і замяралі актыўнасць іх мозга. Вынікі былі нечаканыя: пакупнікі гатовыя спакойна заплаціць за каву больш, чым яна каштуе цяпер — ад € 2,1 да € 2,4.
Кай-Маркус Мюлер: “Іншымі словамі, кампанія губляе мільёны прыбыткаў, бо не цалкам выкарыстоўвае гатоўнасць спажыўцоў плаціць грошы”.
Паводле словаў навукоўца, ад павышэння коштаў выйгралі б усе, бо з-за правалаў у эканоміцы знікае каля 80% усіх новых прадуктаў праз кароткі час пасля іх з’яўлення.
Калі ж забыць пра нейрабіялагічныя эксперыменты, а паглядзець усё ж такі на эканоміку, то, па ідэі, сёлета кава мусіць патаннець. Тэлеканал “Расія 24” у сваім рэпартажы “Рынак кавы ліхаманіць” распавядае:
“У адрозненне ад двух мінулых сезонаў, надвор’е ў Бразіліі было амаль ідэальнае для росту кавы. У выніку мясцовыя фермеры сабралі выдатны ўраджай арабікі, і гэта значна знізіла кошты на сусветным рынку”.
Па ацэнках экспертаў, нават пры самай пазітыўнай дынаміцы, сёлета попыт на каву не можа кампенсаваць вялікую прапанову. За вытворцаў заступіліся ўлады Бразіліі: прэзідэнт краіны сказаў, што дзяржава закупіць да 3 мільёнаў мяшкоў кававага зерня па коштах вышэй за рынкавыя, каб фермеры не прадавалі каву “за бясплатна”. Не дзіўна, што пасля такой заявы кошт арабікі на таварных біржах пайшоў угару.
Кошта на каву ў розных еўрапейскіх краінах паводле travelbite.co.uk/
Фота: morristowngreen.com