Спецдакладчыца ААН: доказы супраць сілавікоў у Мінску ёсць

Спецдакладчыца ААН: доказы супраць сілавікоў у Мінску ёсць

Спецдакладчыца ААН па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марын рыхтуе чарговы штогадовы даклад пра падзеі ў нашай краіне ў 2021 годзе.

У інтэрв'ю распавяла DW яна распавяла, што для падрыхтоўкі даклада выкарыстоўваюцца самыя розныя крыніцы: "Сярод такіх крыніц можа быць урад Беларусі, дыпламатычныя місіі ў Мінску, якія дакладна ведаюць, што адбываецца ў краіне, міжнародныя арганізацыі, а таксама беларускія структуры грамадзянскай супольнасці і праваабаронцы. Мы пастаянна атрымліваем справаздачы і даклады розных праваабарончых арганізацый".

Сёлета Анаіс Марын публічна паведаміла, што чакае матэрыялы для новага дакладу ад усіх зацікаўленых бакоў. "І цяпер я амаль штодня атрымліваю нейкія заявы, доказы парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і сведчанні ад саміх ахвяр рэпрэсій. Сярод іншага, ёсць і відэа з доказамі", — кажа яна.

Марын рыхтуе традыцыны даклад для савета па правах чалавека ААН і другі — для Генеральнай Асамблеі ААН. У другім дакладзе яна вырашыла звярнуць большую ўвагу на праблемы ў адукацыйнай сферы ў Беларусі.

"Мне здаецца важным асвятліць праблемы, якія ёсць і былі раней — выпадкі рэпрэсій супраць студэнтаў па палітычных матывах, супраць дырэктараў школ, якія страцілі працу пасля таго, як яны вялі сумленны падлік галасоў на выбарах. Усе гэтыя рэчы ўзаемазвязаныя. І яны дэманструюць, наколькі ў краіне парушаецца права на свабоднае выказванне меркавання", — тлумачыць спецдакладчыца.

Дарэчы, у Мінску яна апошні раз была ўвосень 2018 года. Беларускія ўлады не прызнаюць мандат спецдакладчыцы і не супрацоўнічаюць з ёй. 

У лістападзе 2020 года быў апублікаваны даклад па стуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за 2020 год. Яго аўтарам стаў эксперт АБСЕ, аўстрыйскі прафесар Вольфганг Бенедэ. Пасля гэтага 17 краін-чальцоў АБСЕ запусцілі так званы Маскоўскі механізм для вывучэння становішча ў Беларусі. 

Анаіс Марын кажа, што супраць беларускіх сілавікоў могуць быць задзейнічаныя міжнародныя механізмы за катаванні мірных дэманстрантаў.

"Я таксама разлічваю на тое, што пракуроры ў іншых краінах у рамках універсальнай юрысдыкцыі адкрыюць крымінальныя справы супраць тых беларускіх сілавікоў, якія пасля выбараў здзяйснялі такія сур'ёзныя злачынствы, як катаванні. У нас ёсць доказы, маса сведчанняў пра гэта. І пацярпелыя маюць права на справядлівае правасуддзе, якое ў самой Беларусі, на жаль, цяпер немагчыма", — заяўляе яна.

Марын прызнае, што пакуль сілавікі-садысты застаюцца ў Беларусі, з імі зрабіць нічога немагчыма. Але працэсы па ўніверсальнай юрысдыкцыі, на яе думку, пакажуць увагу міжнароднай супольнасці да становішча ў нашай краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі