Старшыня БХК: Празрыстыя скрыні не зробяць выбары празрыстымі

Празрыстыя скрыні, якія з’явяцца на ўчастках для галасавання падчас сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў, не паспрыяюць дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Такое меркаванне ў эфіры Еўрарадыё выказаў старшыня Беларускага хельсінскага камітэту Алег Гулак.

Каментуючы сённяшнюю заяву старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, якая назвала празрыстыя скрыні “іміджавым момантам”, кіраўнік БХК сказаў, што па вялікім рахунку Ярмошына мае рацыю.

“Наяўнасць празрыстых ці непразрыстых скрыняў і назіранне камерамі на ўчастках не вырашае праблему несправядлівых ці непразрыстых выбараў, — адзначае праваабаронца. — Яно, вядома ж, крыху дадае карысці, але не з’яўляецца гэтулькі прынцыпова важным”.

Як мяркуе Алег Гулак, нават калі ў празрыстую скрыню незаконна ўкінуць пачак бюлетэняў, то рэакцыі на гэтае парушэнне хутчэй за ўсё не будзе. Галоўныя ж праблемы кіраўнік БХК бачыць у складзе выбарчых камісіяў і адсутнасці жадання ў пракуратуры і судоў рэагаваць на інфармацыю аб парушэннях і “прымяняць законным чынам прававыя механізмы”.

Электроннае галасаванне таксама не зробіць выбары ў Беларусі празрыстымі і дэмакратычнымі і тут ёсць дзве праблемы. Па-першае, беларусы не настолькі прызвычаіліся да электронных тэхнічных сродкаў і пакуль яшчэ неахвотна карыстаюцца нават звычайнымі банкаўскімі карткамі. Па-другое, электронная сістэма галасавання дае яшчэ больш магчымасцяў для маніпулявання з лічбамі, чым выкарыстанне звычайных папяровых бюлетэняў. Да таго ж электроннае галасаванне не з’яўляецца занадта распаўсюджаным ва ўсім свеце.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі