Студвёску рыхтуюць да Еўрагульняў, студэнтаў перасяляюць. Чаму сярод года?
Да II Еўрапейскіх гульняў-2019 яшчэ больш за год, але беларускія ўлады ўжо пачынаюць да іх рыхтавацца. Першымі гэта адчулі студэнты — некаторыя інтэрнаты Студэнцкай вёскі будуць рамантаваць, таму студэнтаў перасяляюць у іншыя месцы. Тым, каму не пашанцуе больш за ўсіх, прыйдзецца шукаць кватэры. Дарэчы, такая сітуацыя ўжо вядомая беларускім студэнтам — у 2014 годзе, падчас Чэмпіянату па хакеі, у Студэнцкай вёсцы жылі замежныя балельшчыкі.
Пакуль дакладна вядома толькі пра 11 інтэрнат БДУ — з 8, 9 і 10 паверхаў студэнтаў перасялілі яшчэ ў панядзелак 19 лютага. Там жывуць студэнты факультэта міжнародных зносін, юрфака, Інстытута тэалогіі БДУ. Як яны распавялі Еўрарадыё, перасяляюць цяпер у інтэрнаты №4, №3 і №10. У “чацвёрку”, якая месціцца праз некалькі сотняў метраў ад 11-кі, трапілі выдатнікі і актывісты студэнцкіх арганізацый.
Тым, хто пераехаў у 3-ку, пашанцавала меней. Месца, дзе яны размешчаныя, сярод студэнтаў больш вядомае, як “Рошча” ці проста — за МКАДам. Гэта інтэрнат блочнага тыпу.
Першакурсніца Насця у панядзелак персялілася ў “тройку”. Пра тое, што прыйдзецца мяняць зручную Пятроўшчыну на Рошчу, дзяўчына даведалася літаральна за некалькі дзён да пераезду.
Насця: “Да апошняга мы не ведалі, куды, у які інтэрнат. Нам сказалі, што будуць праходзіць Еўрапейскія гульні, спартоўцы будуць жыць у нашых інтэрнатах, таму цяпер будзе праводзіцца рамонт.
А яшчэ была непрыемнасць. Мы запісаліся высяляцца на чатыры гадзіны. І пакуль мы здавалі блок, тыя грузавікі, якія павінны былі завезці рэчы ў Рошчу, уехалі, нібыта ў іх скончыўся працоўны дзень. І так мы стаялі са сваімі рэчамі на першым паверсе... Прыйшлося сваімі сіламі перавозіць. Больш за тое, з-за гэтага мы спазніліся на засяленне ў “тройку”, там яшчэ ўліплі.
Умовы ў “тройцы”, вядома, не такія добрыя, як ў 11-ай. Там агульная кухня, на 3 чалавек у блоку, але месца вельмі мала.
Студэнтка звяртае ўвагу, што з Рошчы нязручна дабірацца ва ўніверсітэт. Калі з Пятроўшчыны яна ехала чатыры прыпынкі на метро, то цяпер спачатку трэба да гэтага метро даехаць. Крамаў побач таксама няма. Бліжэйшая каля Малінаўкі. Дзяўчына скардзіцца, што толькі прывыкла да аднаго месца, а тут раптам пасярод года яе перасяляюць у іншае, адрываючы ад вучэбнага працэсу.
Студэнтка кажа, што механізм размеркавання студэнтаў па інтэрнатах ёй незразумелы — яе аднагрупніцу з даволі высокім сярэднім балам 8,3 таксама перасялілі ў “тройку”.
Насця: Абяцалі, што тых, у каго сярэдні бал большы за 8, заселяць у “чацвёрку”, а тут такая непрыемная сітуацыя.
На наступны год, па словах студэнткі, іх павінны засяліць у 11-ы інтэрнат, але толькі на сем месяцаў. Што потым — пакуль незразумела.
Што тычыцца астатніх інтэрнатаў Студэнцкай вёскі, то там пакуль нікога не перасяляюць, але чуткі сярод студэнтаў ходзяць. Карына вучыцца на 3 курсе педуніверсітэта і распавядае Еўрарадыё, што інтэрнат БДПУ №8 будуць рамантаваць у наступным годзе.
Карына: “У сярэдзіне мінулага семестра пачалі хадзіць чуткі, што ў наступным годзе нас будуць засяляць у інтэрнат №1, які каля метро Інстытут культуры. Там двух ці трохпавярховы будынак, калідорны тып”.
Па словах дзяўчыны, прыярытэт пры засяленні будуць аддаваць выдатнікам і актывістам студэнцкіх арганізацый. Студэнты БДУІР і МДЛУ, якія таксама жывуць ў студэнцкім гарадку, пра рамонт да Еўрапейскіх гульняў і магчымае перасяленне нічога не чулі.
Адзін з кіраўнікоў студэнцкай арганізацыі “Задзіночанне беларускіх студэнтаў” Данііл Лаўрэцкі распавядае, што, згодна з дамовай, якую інтэрнат заключае са студэнтамі, у выпадку капітальнага рамонту, студэнты мусяць выселяцца. З другога ж боку, па жыллёва-камунальным кодэксе, па якім і напісаная дамова, павінна прадастаўляцца эквівалентнае памяшканне.
Данііл Лаўрэцкі: “93 артыкул жыллёвага кодэксу кажа, што памяшканне, якое даецца замест таго, у якім праходзіць рамонт, павінна быць не менш 6 квадратных метраў на чалавека. Але цяпер нам паступаюць такія абсурдныя сведчанні, што адну дзяўчыну засялілі ў мужчынскі блок. Ці з двухмеснага пакою перасяляюць у той, дзе чатыры месцы. Пры гэтым ён для чацвярых не быў абсталяваны, туды проста даставілі адзін ложак”.
Еўрарадыё таксама звязалася з дырэктарам Студэнцкага гарадка БДУ Алай Мелех. Па словах жанчыны, у наступным годзе прыказ на засяленне будуць рабіць такі ж самы, як і ў гэтым — на увесь перыяд навучання.
Ала Мелех: “Сітуацыя звязаная з падрыхтоўкай інтэрната да II Еўрапейскіх гульняў. Мы не высяляем студэнтаў, а перасяляем іх у іншыя інтэрнаты. Пакуль перасяляем толькі тры паверхі 11 інтэрната, іх рамантуем, а потым перасяляем на іх студэнтаў з ніжніх паверхаў, робім рамонт там”.
Незразумела, адкуль сярод года раптам знайшліся вольныя месцы у прэстыжных інтэрнатах? Загадчыца інтэрната №3 распавяла Еўрарадыё, што з некаторых блокаў выселіліся замежныя студэнты (куды?), а ўвогуле, вольныя месцы трымалі спецыяльна, таму што пра рамонт ў 11-ым інтэрнаце было вядома загадзя. То бок з верасня там ніхто не жыў? Тады чаму чакалі пяць месяцаў і не рабілі рамонт адразу?