“Сённяшні кантрабандыст больш скупы, чым у 90-х”

120419 Sazonau s.mp3

Еўрарадыё: Ці сапраўды гэта вялікая пагроза для Еўрасаюза, калі беларускі бок аслабіць кантроль на мяжы? Ці сапраўды павялічыцца паток кантрабанды?


Віктар Сазонаў: Гэта не тое што не вялікая пагроза. Для эканомікі Еўрасаюза гэта ўвогуле ніякая не пагроза. Але паколькі ёсць мытныя службы, якія павінны выконваць свае абавязкі, яны будуць кантраляваць, каб кантрабанда не пашыралася. Хаця думаю, што для эканомікі мясцовых, прымежных тэрыторый гэта адчувальна - для прадпрымальнікаў, якія маюць там бізнэс і плацяць падаткі. Для іх будзе адчувальна, што нехта ў іх цыгарэты не бярэ.

Еўрарадыё: Як вы думаеце, кантрабандысты рады такой магчымасці, ўжо рыхтуюцца да такога варыянту развіцця падзеяў, збіраюць банды?


Віктар Сазонаў: Яны рыхтуюцца да горшага. Нашы людзі, што кантрабандысты, што не кантрабандысты – што б там улада ні гаварыла пра тое, што палепшыць наша жыццё – яны рыхтуюцца да горшага, а не да таго, што будзе паслабленне і будзе лепш працаваць.

Еўрарадыё: Але чым горшыя ўмовы для кантрабанды, тым больш крэатыўныя спосабы вынаходзяць кантрабандысты. Якія зараз існуюць спосабы кантрабанды?


Віктар Сазонаў: Дзе ёсць мяжа, там заўсёды ёсць кантрабанда, так было і будзе. Бо заўсёды людзі, якія жывуць ля мяжы, бачаць, што кошты на пэўныя тавары розныя па розныя бакі мяжы. І гэта самы просты спосаб зарабіць, можа быць парушыўшы заканадаўства краін, але не парушыўшы аніякіх маральных нормаў. Бо гэта ўсяго толькі гандаль, гэта не крадзеж, прынамсі ў разуменні чалавека. Кантрабандыст увесь час думае, як гэта зрабіць. І зразумела, што кантрабандыст заўсёды будзе на некалькі крокаў наперадзе ад любых службаў. Бо службы працуюць восем гадзін і ідуць дахаты спаць, а кантрабандыст працуе 24 гадзіны. Нават у сне ён вынаходзіць, як яму правезці пэўны тавар і зарабіць грошы.

Еўрарадыё: І як жа перавозяць тавар?


Віктар Сазонаў: Дастаткова сесці ў цягнік, які ідзе праз мяжу і ўбачыць на свае вочы, як людзі гэта робяць. Самы просты і самы распаўсюджаны шлях – хаваць пэўныя рэчы на целе, прывязваць скотчам да рук, да ног.

Еўрарадыё: А ці праўда, што цыгарэты перавозяць у майтках?


Віктар Сазонаў: Безумоўна. Усё, што можа ўтрымліваць пачак цыгарэтаў – падыходзіць. Хоць памежныя службы маюць права распрануць чалавека, але псіхалагічна нікому не хочацца гэтага рабіць. Толькі калі адмыслова бачна, што чалавек з нейкай вельмі нядобрай кантрабандай, тады гэта прымяняюць. Таму вельмі шмат людзей перавозяць кантрабанду менавіта такім чынам. Выкарыстоўваюць для кантрабанды і сродкі перамяшчэння. Калі едуць у цягніку, то гэты цягнік цалкам забіты кантрабанднымі цыгарэтамі. Зараз вязуць менавіта цыгарэты, гарэлку ўжо ніхто не возіць, хутка ўжо адтуль будуць вазіць, бо кантрабанда дзейнічае ў абодва бакі. Туды чалавек прывязвае на сябе цыгарэты, а назад ён апранае на сябе дзесяць кашуль, пяць джынсаў. Адтуль вязуць вопратку, каву, электрапрыборы, тэхніку, ноўтбукі.

Еўрарадыё: Ці змяніўся набор кантрабандных тавараў у параўнанні, напрыклад, з дзевяностымі гадамі?


Віктар Сазонаў: Безумоўна, вельмі змяніўся. Засталіся ад таго, што вазілі раней, толькі цыгарэты. Большасць тавару, які везлі за мяжу ў 90-я – гэта быў крадзены тавар, напрыклад, сельскагаспадарчая хімія, украдзеная з калгасаў, розныя жалязякі, лемяхі. Па сутнасці, гэта быў час, калі ніхто за гэтым не сачыў, і агульнакалгасная маёмасць вельмі хутка раскрадалася, вывозілася ў Польшчу і прадавалася там. Сёння за гэтым сочаць вельмі моцна і патрапіцца з мяшком сельскагаспадарчай хіміі, якая не прадаецца ў рознічным гандлі, гэта ўжо не проста кантрабанда. На чалавека могуць завесці справу і расследаваць, дзе ён гэта ўзяў.

Еўрарадыё: А ці возяць сёння штосьці апроч цыгарэтаў?


Віктар Сазонаў: Адмыслова я гэтым не цікаўлюся. Калі я пісаў сваю кніжку – я пісаў пра рэальных людзей, мяне цікавілі іх характары. Гэта былі вясёлыя людзі, якія ехалі як вандроўнікі ў пошуках прыгодаў, каб паглядзець Захад. Сённяшні кантрабандыст значна больш скупы, больш прагматычны, як літаратурная постаць ён ужо не цікавы. Таму спецыяльна я не сачу, але з таго, што бачна – толькі цыгарэты. Яшчэ нядаўна быў алкаголь, але зараз ужо няма выгады яго вазіць. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі