“Сышоў са зборнай, бо пакуль ёсць здароўе, хачу даражэй яго размяняць”
Беларускія спартсмены, якія адмовіліся выступаць пад беларускім сцягам, шчыра расказалі Еўрарадыё пра матывы гэтага рашэння.
З нацыянальных зборных адзін за другім сыходзяць маладыя і перспектыўныя атлеты. Апошні выпадак ― адмова валейбаліста Паўла Аўдочанкі гуляць за зборную Беларусі.
“Зразумела, што яму прапанаваў яго мэнэджар паехаць у Расію і змяніць праз два гады грамадзянства. І ён не хоча гуляць за зборную Беларусі, таму што каранцін складае два гады, ― абураецца трэнер нацыянальнай зборнай Віктар Сідзельнікаў. ― Прэтэнзіі наконт траўмаў і нізкай зарплаты ― неабгрунтаваныя. Усе зборнікі ў свеце гуляюць за нацыянальныя каманды не дзеля грошай”.
Сам Павел Аўдочанка спачатку не хацеў выказвацца наконт матываў. А ў выніку жорстка і метафарычна абгрунтаваў для Еўрарадыё сваю пазіцыю.
“У зборнай ёсць каму гуляць і без мяне. Я не асноўны гулец там, ― лічыць валейбаліст. ― Выступаць за нацыянальную каманду я адмовіўся, але грамадзянства не змяніў”.
З прычын, якія схілілі не выступаць за зборную, Павел назваў “галавацяпства”, безграшоўе і бесперспектыўнасць згуляць на Алімпіядзе.
“Ёсць яшчэ адна прычына: калі нешта здарыцца з маім здароўем, я нікому не буду патрэбны, ― працягвае Павел Аўдочанка. ― Гульцы зборнай нічога не зарабляюць ― толькі паўстаўкі з Мінспорта. Гэта 50$. А асноўныя траўмы я атрымаў менавіта ў зборнай. А лячылі іх у клубе. Таму пакуль здароўе ёсць і маецца магчымасць размяняць яго больш дорага ― я скарыстаю гэты шанец. Як мне больш падабаецца казаць, усё ў нас робіцца цераз с…у. А ў федэрацыі валейбола папросту няма грошай. Нядаўна нашы маладзёжныя жаночую і мужчынскую зборныя папросту не заявілі на адбор да Чэмпіянату Еўропы”.
У Федэрацыі валейбола Беларусі Еўрарадыё патлумачылі, што тэарэтычна, за адмову выступаць у зборнай Павел Аўдочанка можа атрымаць праблемы з ліцэнзіяй гульца. А выступленні за нацкаманду ― абавязак спартсмена, бо дзяржава ўкладала грошы ў яго падрыхтоўку з самага дзяцінства. У прыклад Федэрацыя валейбола прыводзіць Алега Ахрэма (зорка валейбола, гуляе ў Польшчы) і Сяргея Антановіча (выступае ў Турцыі). Абодва валейбалісты дапамогуць зборнай прабівацца ў фінальную частку чэмпіянату свету.
***
У пачатку лістапада стала вядома, што два юніёры адмовіліся выступаць за зборную Беларусі свайго ўзросту. 17-гадовы Уладзіслаў Ланавенка сёння гуляе ў Моладзевай хакейнай лізе за чарапавецкі “Алмаз”. Вадзім Атрахімовіч навучаецца ў санкт-пецярбургскай хакейнай школе “Форвард”.
Цікавімся ў трэнера Арцёма Астравушкі, які працаваў з беларускімі юнакамі, чым кіраваліся хлопцы, калі адмаўляліся гуляць за зборную Беларусі.
“Адзін і той жа матыў. У Расіі амаль кожны год мяняюцца правілы наконт легіянераў. Таму з-за гэтай нестабільнасці хлопцы перажываюць, перастрахоўваюцца”, ― кажа спецыяліст.
То бок маладыя хакеісты мараць пра КХЛ, дзе сёння за расійскі клуб можа гуляць не больш за 5 легіянераў. Калі маеш расійскі пашпарт, трапіць у каманду значна лягчэй. Тым не менш, трэнер не лічыць абодвух хакеістаў выбітнымі і засцерагае, што наперадзе шмат цяжкай працы.
Арцём Астравушка: “Мэты яны сабе паставілі, і да іх ідуць, але тут сваіх хлопцаў добрага ўзроўню вельмі шмат. Таму Вадзіму і Уладзіславу патрэбна яшчэ вельмі шмат працаваць над сабой, каб выйсці на добры ўзровень. Пахаць і пахаць. Працаваць трэба вельмі і вельмі доўга”.
***
Сенсацыяй стала паведамленне пра тое, што паралімпійскі чэмпіён Пекіна-2008 у плаванні Дзмітрый Салей пераходзіць у каманду… Азербайджана.
“Не, я патрыёт радзімы, але тут мяне не паважаюць, а там ― паважаюць, ― тлумачыць Дзмітрый Еўрарадыё. ― Гэта пакуль быў малады, думаў ― так рабіць нельга. У 2008 годзе я, напрыклад, адмовіўся ад прапановы ехаць у Расію. Але потым сваю пазіцыю пераасэнсаваў”.
Еўрарадыё: Чаму? У вас ёсць нейкія крыўды?
Дзмітрый Салей: “Да нас, паралімпійцаў, у Азербайджане ставяцца як да прафесіяналаў. У Беларусі перад Паралімпіядай сказалі: “Вы ― аматары. Што вы абураецеся?” Пра іншыя прычыны пакуль памаўчу, а то яшчэ не выпусцяць з краіны. Але нюансаў шмат. Насамрэч, многія з Беларусі з’ехалі. У 2008 годзе, напрыклад, Пунько і Макараў. Сёння яны выступаюць за Расію”.
Еўрарадыё: Вы Паралімпійскі чэмпіён. А на Гульнях у Лондане пяць разоў уваходзіў у шасцёрку найлепшых. Ці выдалі вам кватэру? Колькі вы зараблялі?
Дзмітрый Салей: “Кватэру я сам набыў. Хоць абяцалі шмат чаго, але нічога не далі. Перад Паралімпіядай зарабляў каля 5,7 мільёнаў рублёў на месяц. А цяпер было б нешта каля 3 мільёнаў. У Азербайджане спартсмены за прызавое месца атрымліваюць пажыццёвыя выплаты. Адна знаёмая спартсменка ўзяла месца ў Лондане. Цяпер мае штомесяц каля 1,5 тысяч еўра ці долараў. Калі бярэш золата на Паралімпійскіх гульнях, то пажыццёва зарабляеш каля 3 тысяч долараў. Насамрэч, многія б адмовіліся і з’ехалі з Беларусі, але баяцца цяганіны, каранцінаў. Некаторым людзям лягчэй проста сысці са спорту”.
Фота bvf.by, ХК “Форвард” і з архіва Дзмітрыя Салея