Тарыфы на камунальныя паслугі: льготны для насельніцтва, дзяржаўны і сакрэтны

Тарыфы на камунальныя паслугі: льготны для насельніцтва, дзяржаўны і сакрэтны

Цяпер уласнікі аднолькавых па метражы кватэр, размешчаных у розных раёнах аднаго горада, маюць розныя лічбы ў жыроўках па тым, колькі выдаткаў за камунальныя плацяжы пакрываюць жыльцы, а колькі дзяржава: у Заводскім раёне дзяржава пакрывае 65%, а ў Першамайскім — 59%, у Кастрычніцкім — 82%.

Тарыфы на камунальныя паслугі: льготны для насельніцтва, дзяржаўны і сакрэтны

У разлікова−даведкавым цэнтры ЖЭС № 20 Мінска тлумачаць, чаму так адбываецца:

“Гэта залежыць ад колькасці метраў, ад норм на ваду, ад фактычнага сабекошту паслугі…”

Чытаем жыроўку: вось тарыфы, што субсідуюцца дзяржавай — самыя нізкія ў жыроўцы. Далей тарыфы, якія забяспечваюць “поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў”. Але аказваецца тарыф, які забяспечвае поўнае пакрыццё выдаткаў, гэтыя выдаткі пакрывае не поўнасцю.

Існуе яшчэ трэці тарыф, якога звычайныя людзі не бачаць у жыроўках і нават не здагадваюцца пра яго. А ён нібыта існуе! У Цэнтры інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама Еўрарадыё тлумачаць: “самы правільны тарыф” штомесяц паведамляюць пастаўшчыкі камунальных паслуг. Гэты, назавем яго “тарыф фактычнага сабекошту паслугі” разлічваецца зыходзячы з таго, якія выдаткі панеслі Мінгаз ці Мінскэнерга. Быццам бы, лічбы гэтага тарыфу таксама ў жыроўцы з'явяцца. Але калі — ніхто не ведае.

“Вось і мы рэгулярна просім, каб дадалі трэцюю калонку ў жыроўку, каб людзі ведалі і гэтыя тарыфы”, — пагаджаецца супрацоўніца ЖЭС №20 Мінска.

Цяпер у лічбах: вось паслуга “Тэхабслугоўванне”. Тарыф для насельніцтва — 958 рублёў за метр квадратны, тарыф, які “забяспечвае поўнае пакрыццё выдаткаў” — 2100 рублёў, а фактычны сабекошт — 2600 рублёў. І так па кожнай пазіцыі ў жыроўцы, акрамя выдаткаў на капітальны рамонт — яго не ўлічваюць. Дык вось, у падліках кошту паслуг выкарыстоўваюць менавіта гэты таямнічы тарыф — усе лічбы, колькі дзяржава пакрывае выдаткаў, а колькі жылец — сходзяцца.

Навошта тады існуе “тарыф, які забяспечвае поўнае пакрыццё выдаткаў”? — гэта пытанне без адказу. Як і незразумела, якім чынам можна кантраляваць сапраўдныя выдаткі на камунальныя паслугі.

Па дадзеных міністэрства ЖКГ, ваду насельніцтва аплачвае на 27%, ацяпленне — на 20,6%, газ — на 87%.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі