Тэрарысты ў Славянску захапілі 10 закладнікаў
Яны хочуць абмяняць выкрадзенага амерыканскага журналіста Саймана Астроўскага на свайго арыштаванага лідэра Паўла Губарава.
Пра такую заяву лідара тэрарыстаў Вячаслава Панамарова паведамляе "Украінская праўда". Панамароў удакладніў, што ў сепаратыстаў зараз 10 палонных, у тым ліку дэпутат мясцовага гарсавета Вадзім Суханос.
Па словах Панамарова, цяпер ідзе праверка сапраўднасці дакументаў Астроўскага і мэты яго прыезду ў Славянск: "Пакуль мы іх не высветлім, ён будзе ў нас. Затым або дазволім працаваць у Славянску далей, або абмяняем на каго-небудзь з нашых, у прыватнасці, на Паўла Губарава. З Астроўскім абыходзяцца добра, яго кормяць".
Журналіста сайта Vice News Астроўскага выкралі ў панядзелак, 21 красавіка. У сераду Панамароў прызнаў, што Астроўскі ў іх і яго падазраюць у супрацоўніцтве з "Правым сектарам", бо ў яго былі амерыканскі і ізраільскі пашпарты.
Фота — mk.ru