"Толькі смутак па загінулых". Што сусветныя СМІ пішуць пра трагедыю ў Бучы
Пра што пішуць сусветныя медыя / pixabay
Журналісты ўвайшлі ў Бучу, у прыгарад Кіева, 3 красавіка — і свет быў шакаваны здымкамі цел забітых мірных жыхароў на вуліцах горада.
Украіна абвінавачвае Расію ў наўмыснай разні. Але расійскі бок называе апублікаваныя матэрыялы правакацыяй і пастаноўкай. У Маскве спасылаюцца на тое, што расійскія войскі выйшлі з горада 30 сакавіка, на наступны дзень мэр Бучы запісаў зварот, а шакавальныя фота пачалі з'яўляцца толькі 2 красавіка.
Расія ўжо двойчы запатрабавала склікаць Савет Бяспекі ААН, каб абмеркаваць шакавальныя здымкі, на якіх паказаны закатаваныя людзі ў цывільным адзенні. Але ў Савеце Бяспекі ў гэтым месяцы старшынствуе Вялікабрытанія, і Лондан адмовіў Маскве прызначыць пасяджэнне на 4 красавіка.
Савет Бяспекі не стаў спяшацца і, як планаваў, збярэцца толькі заўтра. А пакуль раскажам, як на кадры з Бучы рэагуюць і спрабуюць іх аналізаваць сусветныя СМІ. Што пісалі пра здарэнне раніцай, 4 красавіка, — у аглядзе Еўрарадыё.
Washington Post: "Расследаваць і прыцягнуць да адказнасці"
Гэтае аўтарытэтнае амерыканскае выданне акуратнае ў фармулёўках. Журналісты пазбягаюць называць вінаватых.
"Асуджэнне меркаванага нападу на мірных жыхароў прагучала ва ўсім свеце, і многія краіны запатрабавалі расследавання і прыцягнення да адказнасці".
Прааналізаваць доказы, таксама як і знайсці вінаватых, павінен будзе Міжнародны крымінальны суд. Украінскія ўлады ўжо звярнуліся туды з просьбай адправіць экспертаў, якія наведалі б масавыя пахаванні ў Бучы.
А журналісты могуць паказаць, у што ператварылася Буча, у якую прыйшла вайна. У горадзе для Washington Post працуе фатограф-фрылансер Хайдзі Левін. У нядзелю ёй удалося дабрацца да Бучы і паказаць, як горад выглядае цяпер.
Подпіс пад адным са здымкаў: "Добраахвотнікі збіраюць целы васьмі цывільных асоб, у двух з якіх рукі звязаныя за спінай, і змяшчаюць іх у мяшкі для трупаў".
Паглядзець на вайну вачыма карэспандэнта Washington Post можна тут.
У штодзённай анлайн-трансляцыі на сайце выданне прыводзіць таксама расказы відавочцаў, якія апавядалі, як перажылі самыя страшныя тыдні ў сваім жыцці. Вось некаторыя з іх.
"Я ніколі ў жыцці не бачыла нічога страшнейшага. Стральба не спынялася ні на хвіліну", — кажа 72-гадовая Ларыса Савенка. Яна расказвае, што пяцёра ўзброеных расійскіх салдат увайшлі ў яе дом, абшукалі сямейнікаў, праверылі дакументы і забралі тэлефон.
"Рускія сказалі, што нам пашанцавала з імі. Таму што іншыя расійскія вайскоўцы ўжо б расстралялі", — сказала яна.
Іншая мясцовая жыхарка Таццяна расказала, што муж яе сястры быў забіты ў пачатку сакавіка.
"Ён ішоў у краму па ежу, і яго застрэлілі на вуліцы, — сказала жанчына. — І толькі ўчора [2 красавіка] мы змаглі забраць адтуль яго цела, каб пахаваць".
Аляксандр Мікалаевіч расказаў, што большасць з тых, хто застаўся ў Бучы, — пажылыя мясцовыя жыхары. Бабулі і дзядулі тых, хто з'ехаў у самым пачатку вайны.
Маладыя людзі, па яго словах, заставаліся ў горадзе, каб паклапаціцца пра сваіх састарэлых сваякоў. Да іх расійскія вайскоўцы ставіліся асабліва падазрона. Мужчын прымушалі раздзявацца і правяралі іх на наяўнасць падазроных татуіровак або сінякоў на каленях.
The Times: "Няма нічога, чаму можна радавацца, толькі смутак па загінулых"
"Глыбока ў лесе пад Кіевам, дзе раней блукалі грыбнікі, а багатыя гараджане будавалі свае палацавыя дачы, 80-гадовая Марыя Дабіжэ сядзела, перабіраючы выкінутыя рускія пайкі", — гэта брытанская Times расказвае гісторыю пажылой жыхаркі Бучы.
Калі рускія вайскоўцы прыйшлі ў яе дом, жанчына спытала, што яны там робяць. Вайскоўцы адказалі: "Мы проста спрабуем рабіць сваю працу". Потым яны прынеслі жанчыне ежы — яна яе прыняла.
Пазней суседзяў гэтай пажылой жанчыны знайшлі забітымі — яны былі звязаныя па руках і нагах. Байцы тэрабароны сказалі, што, калі прайшлі ўніз па вуліцы, выявілі падвал, у якім ляжалі целы 18 чалавек.
“Няма нічога, чаму можна было б радавацца. Толькі смутак па загінулых", — цытуе выданне 53-гадовага Сяргея Таравіка, вайскоўца тэрытарыяльнай абароны.
ВВС: "Было шкада расійскіх салдат тэрміновай службы"
Журналісты ВВС, як і ўвесь свет, спрабуюць асэнсаваць тое, што адбылося ў Бучы. Сёння на галоўнай старонцы выдання выйшаў артыкул з загалоўкам "Забітыя ў цывільным адзенні на вуліцах Бучы. Што вядома пра страшныя кадры з горада пад Кіевам, адкуль выйшла войска Расіі".
Шмат у чым расказ журналіста ВВС сугучны з тым, пра што пішуць іншыя яго калегі. Сярод іншага ён пераказвае размову з мужчынам, які пашкадаваў расійскіх прызыўнікоў. Тыя малілі мясцовых жыхароў не выдаваць іх украінскім вайскоўцам.
The Wall Street Journal: напамін пра міжнароднае права
Гэтае аўтарытэтнае выданне таксама піша толькі пра "меркаваныя расійскія зверствы" ў Бучы і не называе вінаватых — але падрабязна расказвае пра тое, што журналісты ўбачылі і пачулі, калі зайшлі ў горад.
Такім чынам, Wall Street Journal пачынае з таго, што цытуе міністэрствы абароны абедзвюх краін. І Украіны, якое ўжо параўнала трагедыю ў Бучы з бойняй у Срэбраніцы, калі сербскія войскі забілі больш за 8 тысяч баснійскіх мусульман.
І Расіі, якое называе паведамленні з Бучы чарговай правакацыяй і заяўляе, што ніхто з мясцовых жыхароў не пацярпеў ад гвалту, пакуль Буча знаходзілася пад кантролем Расіі.
Журналісты цытуюць сведчанні відавочцаў. Васіль Шчарбакоў, камандзір украінскай часці ў Бучы, сказаў, што страціў лік мёртвым. Каля 20 цел мясцовых жыхароў былі пакінутыя каля шклозавода. Паводле яго слоў, расійскія войскі забаранілі гараджанам хаваць гэтыя целы.
"Потым яны замініравалі трупы, — Шчарбакоў мае на ўвазе міны-пасткі. — Гэта навінка".
Салдат, якога журналісты сустрэлі каля крамы "Шчаслівае жыццё", расказвае, што знайшоў целы пад каналізацыйнымі люкамі. Журналісты Wall Street Journal хоць і публікуюць шэраг здымкаў з Бучы, пра шмат што ўбачанае намагаюцца гаварыць словамі, а не фатаграфіямі. Відавочна, каб не паказваць чытачам разарваныя целы мірных мясцовых жыхароў.
Выданне нагадвае, што паводле міжнароднага права бакі, якія ваююць, могуць быць прыцягнутыя да адказнасці за наўмыснае забойства цывільных асоб і ваеннапалонных, знішчэнне прыватнай уласнасці або ўдзел у катаваннях, сексуальным гвалце, марадзёрстве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.