У анэксаваным Крыме ёсць пагроза эпідэміі СНІДу
Кожны дзясяты гераінавы наркаман, што раней атрымліваў замяшчальную тэрапіі забароненым у Расіі метадонам, ужо памёр.
Пасля анэксіі Крыму на тэрыторыі паўвыспы ўзрасла смяротнасць сярод наркаманаў. Такую інфармацыю паведаміў Мішэль Казачкін, спецыяльны пасланнік Генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна па СНІДу ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, — перадае Deutsche Welle.
З 805 крымскіх гераінавых наркаманаў, якія перад далучэннем да Расіі атрымлівалі замяшчальную тэрапію, “ад 80 да 100” ужо памерлі. “Прычыны смерцяў, па дадзеных, якія мы маем, у асноўным — суіцыд і перадазіроўка”, — растлумачыў Казачкін.
Паводле ягоных словаў, гэтая сітуацыя таксама ўласцівая і для ўсходніх раёнаў Украіны, паколькі ўкраінскі ўрад перастаў пастаўляць прэпараты “метадонавай праграмы” на тэрыторыі, што кантралююцца сепаратыстамі.
СААЗ і ААН лічаць замяшчальную тэрапію эфектыўным метадам барацьбы з нарказалежнасцю, прымяненне якога зніжае смяротнасць сярод наркаманаў у некалькі разоў. Але абарачэнне метадону ў Расіі забароненае.
Адсутнасць тэрапіі, тлумачыць Казачкін, не толькі ставіць пад пагрозу жыццё наркаманаў, якія вымушана звяртаюцца да цяжкіх наркотыкаў, але і падсілкоўвае адну з самых хуткарослых эпідэмій ВІЧ у свеце. “Усходняя Еўропа — гэта рэгіён, у якім назіраецца адна з самых хутка растучых эпідэміяў ВІЧ, шмат што залежыць ад людзей, якія ўжываюць наркотыкі”, — падкрэсліў спецыяльны пасланнік генеральнага сакратара ААН, піша Deutsche Welle.